Касманаўт Алег Навіцкі вярнуўся на Зямлю

2 июня 2017

"Ёсць пасадка!" Цэнтр кіравання палётамі літаральна некалькі гадзін таму паведаміў аб паспяховым прызямленні касмічнага карабля "Саюз" з двума членамі экіпажа МКС. Сярод іх наш суайчыннік, Герой Расіі, касманаўт Алег Навіцкі. Ён правёў 197 дзён у бязважкасці, удзельнічаў больш як у 50 навуковых эксперыментах. І вось сёння ён паспяхова вярнуўся на Зямлю. Як паведамляюць радыёграмы: "Прызямленне прайшло ў штатным рэжыме. Самаадчуванне членаў экіпажа добрае". У Цэнтры кіравання палётамі ў Каралёве за вяртаннем з арбіты назіралі дзясяткі журналістаў з Беларусі, Расіі і Францыі. Якія доследы праводзіў Алег Навіцкі? І што з'яўляецца неад'емнай часткай асабістага багажу касманаўта? Рэпартаж Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Невялікая зала Цэнтра кіравання палётамі ў Каралёве ледзь змяшчае ўсіх ахвотнікаў на свае вочы ўбачыць вяртанне двух членаў міжнароднага экіпажа касмічнага карабля "Саюз-МС-03". Гэта наш суайчыннік, Герой Расіі, касманаўт Алег Навіцкі і французскі астранаўт Тама Песке. Яны прабылі ў космасе роўна 197 дзён і сёння вяртаюцца на Зямлю.

Для Алега Навіцкага гэта ўжо другі касмічны палёт. У гэтай экспедыцыі ён быў камандзірам экіпажа. За больш як паўгода працы касманаўты правялі 50 навуковых даследаванняў. У прыватнасці, Алег Навіцкі займаўся эксперыментам "Плазменны крышталь" (гэта вывучэнне паводзін плазмы ў бязважкасці), альтыметрыяй (вопыт, які даследуе межы болевага парога ў космасе). А таксама праводзіў эксперыменты з апаратам "Матрошка-Р", які вывучае ўплыў радыяцыі на розныя органы чалавека.

Увесь гэты час у космасе з Алегам Навіцкім быў дзяржаўны флаг Беларусі. На ім прастаўлены афіцыйныя адзнакі аб датах стыкоўкі і расстыкоўкі карабля "Саюз МС-03" з Міжнароднай касмічнай станцыяй. Пасля вяртання з арбіты Алег Навіцкі перадасць яго ў музей беларускага пасольства ў Маскве.

За вяртаннем Алега Навіцкага назірае яго жонка Юлія. Як заўсёды спакойная і вельмі засяроджаная. Залатое правіла - ніякіх інтэрв'ю, пакуль члены экіпажа на спускальным апараце карабля "Саюз МС 03" не прызямляцца на паўднёвым усходзе Казахстана.

Дарэчы, у 2018 годзе Беларусь прыме міжнародны касмічны кангрэс. Па традыцыі ён праводзіцца ў краінах, якія выгадавалі касманаўтаў. А нам ёсць чым ганарыцца. У космасе пабывалі тры беларусы: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі. Акрамя таго, улічваецца статус, а Беларусь з 2012 года афіцыйна касмічная дзяржава. Стварэнне новых спадарожнікаў вывела нашу прамысловасць на новую вышыню. Начынне шматлікіх сучасных апаратаў - пад маркай "Зроблена ў Беларусі". Сёння ў краіне на космас працуюць больш за дзясятак прадпрыемстваў.

Зараз касманаўты павінны прайсці рэабілітацыю. Пасля больш як паўгода працы ў бязважкасці арганізм павінен аднавіцца. Звычайна на гэта ідзе каля месяца. Толькі потым Алег Навіцкі і Тама Песке дадуць афіцыйную прэс-канферэнцыю журналістам.