Карпаратывы павышаюць прадукцыйнасць працы

4 июня 2014

Прэмій і сацыяльных гарантый недастаткова. Кіраўнікі сталічных кампаній апошнім часам усё часцей збіраюць калектыў на выязных мерапрыемствах альбо, як кажуць, карпаратывах. Менавіта такія cустрэчы дапамагаюць арганізаваць каманду і як вынік - павышаюць прадукцыйнасць працы.


Што такое карпаратыўная культура і ці варта яе развіваць? Падрабязнасці ў Наталлі Кезік. Рабочы дзень пачынаецца з зарадкі, і абед, прыгатаваны ў офісе. Для сваіх калег Аляксей стварыў амаль хатнія ўмовы працы. У любы момант можна заварыць духмяную каву ці рамонкавы чай. Больш за тое, у офісе работнікам дазваляецца хадзіць у хатніх тапках.


Аляксей Курэц, дырэктар ІТ-кампаніі: Каб людзі займаліся тым, што ім рэальна падабаецца, і не думалі, што ім трэба адсядзець з дзевяці да шасці. Хочацца, каб людзі прыходзілі на працу і творча падыходзілі да сваіх задач. Я лічу, што творчая атмасфера да гэтага максімальна падыходзіць.


Працаваць у кампаніі, дзе, здаецца, створаныя ідэальныя ўмовы, Аляксей марыў даўно - сам змяніў не адно месца працы. Атрымалася ўвасобіць ідэі толькі на ўласнай фірме. Цяпер нарады і планёркі праходзяць ва ўтульным двары кампаніі - на свежым паветры і ў мяккіх крэслах. А ў перапынку паміж дзелавымі размовамі ўсе разам дэгустуюць толькі што прыгатаваны шашлык.


А на гэтым прадпрыемстве з'яўленне без фірменнай формы раўназначнае адсутнасці на рабочым месцы. Для кожнага спецыяліста тут шыюць касцюмы на заказ - на год прадугледжаны два камплекты. Больш за тое, адзенне раз на тыдзень можна бясплатна здаваць у хімчыстку. На прадпрыемстве побач працуюць як беларускія, так і кітайскія спецыялісты, таму штодня ўзнікаюць не толькі моўныя, але і міжкультурныя бар'еры.


Такія дробязі складаюць карпаратыўную культуру кампаніі. І яна ёсць у кожным калектыве.


Ды і прыбытак кожнай арганізацыі напрамую залежыць ад узроўню карпаратыўнай культуры альбо душы кампаніі. Як доказ - першыя дваццаць кампаній са спісу Форбс - гэта арганізацыі, дзе менавіта карпаратыўнай культуры кіраўнікі надаюць асаблівае значэнне, таму яе варта даследаваць і развіваць. І пачынаць неабходна з вызначэння маральных каштоўнасцяў як самой кампаніі, так і кожнага супрацоўніка паасобку.


Больш падрабязна пра тое, што такое карпаратыўная культура і чаму ад душы кампаніі залежыць паспяховасць калектыву, глядзіце сёння ў спецыяльным рэпартажы Агенцтва тэленавін у 19:20 на Беларусь 1.