У Кармянскім раёне добрае распачынанне па добраўпарадкаванні закінутага саду атрымала нечаканы працяг. Высечку старых дрэў па невядомых прычынах не скончылі, а ўжо паваленыя насаджэнні кінулі прама ў былым садзе. І зараз ён больш нагадвае парк дагістарычнага перыяду. Зарослы быльнікам былы сад ужо паволі становіцца месцам пасялення дзікіх жывёл. Мясцовыя жыхары такому суседству, зразумела, не рады, але дастукацца са сваёй бядой да адказных чыноўнікаў не могуць. Наш карэспандэнт Вольга Халадовіч прайшлася па панскім садзе.
Прыводзіць у парадак былы панскі сад пачалі яшчэ ў сакавіку. Шматлікія дрэвы - старыя, у аварыйным стане. І прыбытку мясцоваму сельгаспрадпрыемству - гаспадару тэрыторыі - не прыносілі. Для гэтых прац нанялі падрадчыка - вынік працы можна нават не каменціраваць.
Кармянскі камбінат бытавога абслугоўвання дамову на высечку саду выканаў часткова. Дрэвы высеклі, але не ўсе. А прыбіраць і зусім не сталі. Таму зараз сад выглядае менавіта так.
Даведацца аб такім арыгінальным спосабе навядзення парадку ў кіраўніка камбіната апынулася немагчыма. Зараз ён у водпуску. Дырэктар гаспадаркі КСУП "Саўгас "Багдановічы" на сустрэчу з нашай здымачнай групай прыехаў, але ад каментарыя катэгарычна адмовіўся. Адзначыў толькі, што вінаваты падрадчык.
За паўгода (менавіта столькі) сад больш нагадвае сметнік - тут прыжыліся розныя прадстаўнікі мясцовай фаўны. Людзі такім суседзям не рады.
Каб на безгаспадарлівасць хоць неяк звярнулі ўвагу, вяскоўцы звярнуліся ў мясцовы Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Спецыялісты ўстанавілі: у Лясовай Будзе, апроч прац па садзе, яшчэ і незаконна высеклі частку ліпавай алеі.
Святлана Сапацькова, начальнік Кармянскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: "Ім трэба было ўсяго толькі аформіць лесасечны білет. Намі пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні Кармянскага КБА, і разлічваецца прэтэнзія аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю".
Дарэчы, тэрыторыю прыкладна ў 10 гектараў вызваліць ад старых дрэў збіраліся з пэўнай мэтай - каб залучыць гэтыя землі ў сельгасабарот.
У Кармянскім райвыканкаме аб сітуацыі ведаюць. Адказваць за безгаспадарлівасць прыйдзецца кіраўнікам гаспадаркі і камбіната. Прычым у пэўныя тэрміны.
Валянціна Грыцава, намеснік старшыні Кармянскага райвыканкама: "Пытанне па высечцы саду ў Лясовай Будзе знаходзіцца ў выканкаме на кантролі, выдадзена распараджэнне, дадзеная праца павінна завяршыцца да 1 кастрычніка. Сельгаспрадпрыемства "Багдановічы" павінна выканаць гэтыя працы. І гэтае пытанне будзе знаходзіцца на кантролі да ўцягвання дадзенай плошчы ў сяўбаабарот".
А людзі спадзяюцца, што ўмяшанне раённай улады ўсё-такі ссуне садовую справу з мёртвага пункта.













