Аддзел нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бяспекай на пляцоўцы будаўніцтва першай беларускай атамнай станцыі пачне працаваць ужо ў наступным годзе. Зараз ідзе падбор прафесійных кадраў. Пра гэта сёння распавяла журналістам начальнік профільнага дэпартамента МНС. Спецыяльны аддзел штодня будзе кантраляваць выкананне ўсіх рэкамендацый як беларускіх структур, так і міжнародных арганізацый, у тым ліку і прама на будаўнічай пляцоўцы ў Астравецкім раёне.
У Вільнюсе завяршылася прэзентацыя вынікаў экалагічнага маніторынгу ў раёне будаўніцтва беларускай атамнай станцыі. Гэта кантроль ужо не дзяржаўны, а грамадскі. На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі дзяржорганаў, эколагі і навукоўцы Літвы. Падчас дыялогу беларускія эколагі адказалі на ўсе пытанні і афіцыйна прапанавалі літоўскім эколагам у наступным годзе далучыцца да экалагічнага маніторынгу ўжо з моманту забору проб глебы, паветра і вады. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што Беларусь выконвае ўсе рэкамендацыі канвенцыі па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце.














