Конкурс Social Weekend трынаццаты раз аб'яднаў аўтараў карысных ідэй

16 мая 2019

Мабільны дадатак для правільнага сартавання смецця або анлайн-школа для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннем слыху. Лепшыя сацыяльныя праекты выбіраюць сёння ў сталіцы. Конкурс Social Weekend трынаццаты раз аб'яднаў аўтараў карысных ідэй. Інклюзіўныя, культурныя і адукацыйныя ініцыятывы ацэньваюць прадстаўнікі розных сфер. Найбольш перспектыўныя праекты атрымліваюць фінансавую падтрымку.

Якія задумкі сёлета ў топе, ведае Аляксандра Кавеліч. Гэты кабінет нагадвае своеасаблівую трэнажорную залу. Амаль без перапынкаў вучні старанна выконваюць артыкуляцыйныя практыкаванні. Для дзяцей з парушэннем слыху і мовы такія заняткі – адзін з ключавых вучэбных напрамкаў. Зрабіць яго больш займальным дапамагае віртуальны асістэнт. Спецыяльны мабільны дадатак разам з аднадумцамі стварыла настаўніца-дэфектолаг Антаніна Судзілоўская.

Сваю ідэю каманда прадэманстравала на конкурсе сацыяльных праектаў. Social Weekend гэтым разам аб'яднаў звыш 300 карысных ідэй. А яшчэ прыстасаванне, якое дазволіць хутка маніторыць забруджванне паветра, вытворчасць экапаперы з трыснёгу ці інклюзіўныя анлайн-школы. Ініцыятывы закранулі самыя розныя сферы.

Свае задумкі ўдзельнікі ўдасканальваюць на працягу некалькіх месяцаў падчас трэнінгаў і бізнес-семінараў. Гэта таксама частка конкурсу. У выніку такой працы ідэі ператвараюцца ў сацыяльна значныя праекты. Ужо гатовыя рашэнні прэзентуюць у фінале.
Найбольш перспектыўныя стартапы атрымліваюць фінансавую дапамогу.

У скарбонцы сацыяльнай алімпіяды ўжо не адзін дзясятак рэалізаваных праектаў. Хутка гэтая статыстыка папоўніцца. Між тым паспрабаваць свае сілы актывісты змогуць і ў новым сезоне. Ён стартуе ў жніўні.