Конкурс робататэхнікі для юных канструктараў Мінскай вобласці

7 декабря 2018

Удзельнікі спаборнічаюць у трох дысцыплінах: на хуткасць збіраюць мадэль робата, праграміруюць яго рух па зададзенай траекторыі, а самае відовішчнае - міні-сумо, сапраўдныя баі машын. Наталля Кузьміцкая пазнаёмілася з вынаходнікамі. 

Раней любімай гульнёй усіх хлопчыкаў былі машынкі, зараз на першым месцы для многіх лега. Захапленне канструктарам перарасло ў спорт. Гэтыя юныя робататэхнікі збіраюць свае мадэлі на хуткасць, пасля, з дапамогай спецыяльнай праграмы, задаюць ім пэўны алгарытм дзеянняў. 

Робататэхнікай, легаканструяваннем і праграмаваннем дзеці пачынаюць займацца ў дашкольным узросце, з гульні, паступова павышаючы свой узровень. Пасля таго як асвоены простыя коды і камбінацыі, можна паспрабаваць сябе і ў больш складаных дысцыплінах. 

Сабраць робата, за гадзіну напісаць праграму, перад фінальным заездам пратэсціраваць маршрут і выправіць памылкі. Для Багдана Фралова задача простая. Хлопчык займаецца робататэхнікай не першы год, летась у рэспубліканскім конкурсе заняў трэцяе месца. 

А гэта міні-сумо. Гэтыя байцы самаліквідаваліся, відаць, не вельмі ўдала ў іх прапісаны праграмы. А вось Мікіта Новінак да конкурсу рыхтаваўся доўга і дасканала, быў упэўнены ў сваіх сілах, аднак падчас паядынку і яму прыйшлося пахвалявацца. 

Пляцоўкай конкурсу невыпадкова стаў факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ - у пакуль юных канструктарах тут бачаць сваіх будучых студэнтаў. 

Абласны конкурс робататэхнікі ладзіцца ўжо чацверты год запар. І з кожным годам ён збірае ўсё больш удзельнікаў. Сёння ў яго намінацыях спаборнічалі больш за 100 школьнікаў.