Марожанае, кантрасны душ, кандыцыянеры і аншлагі на пляжах - у барацьбе з такім надвор'ем усе сродкі добрыя. Слупкі тэрмометраў чарговы дзень у сталічным рэгіёне ўпэўнена падымаюцца да паказчыка 32 градусы і вышэй.
Антаніна Станкевіч праверыла, каму летні плюс на радасць і як у горадзе перажыць сапраўдную спёку.
У такую спякоту нават драпежнік Трыстан становіцца вегетарыянцам. Зеляніна, морква, крупяная каша - усё вітаміннае, лёгкае, нічога тлустага і цяжкага для страўніка. І нават ад улюбёнага варанага селядца мядзведзь адмаўляецца. А пасля таго як звер падсілкаваўся, шчодра спаталяе смагу вадой… проста з ванны. А вось водныя працэдуры пад прыцэлам тэлекамеры крывалапы прымаць адмовіўся: мабыць, саромеецца.
Пакуль надвор'е ставіць свае тэмпературныя рэкорды, мінчане ў барацьбе са спякотай здзіўляюць сваімі. Напрыклад, штодзень жыхары і госці Мінска з'ядаюць каля 60 тон марожанага. А таму на фабрыках, дзе вырабляюць халодны прадукт, - самая гарачая сезонная пара.
Штодзень тут вырабляюць да 50 тон халоднага ласунку. Са зразумелых прычын гэтая прадукцыя на складах не затрымліваецца не тое што ні на дзень - нават ні на хвіліну. Мінскімі малочнымі і фруктовымі ледзяшамі ахвотна частуюцца жыхары ўсёй краіны.
А некаторыя ратуюцца ад спякоты класічным спосабам - на сталічных пляжах. Дарэчы, для купання адкрытыя 7 сталічных вадаёмаў: Пціч, Вяча, Цнянка, Дразды і некалькі пляжаў на Заслаўскім вадасховішчы. Яны абсалютна бяспечныя для здароўя.














