Камп'ютарных тэсціроўшчыкаў будуць рыхтаваць у БДУІР

11 декабря 2014
Інавацыйную лабараторыю па падрыхтоўцы камп'ютарных тэсціроўшчыкаў адкрылі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Цяпер шукаць памылкі ў аперацыйнай сістэме і распрацоўваць антывірусныя праграмы будуць менавіта беларускія спецыялісты. Пасля навучання яны змогуць праходзіць практыку ў найбуйнейшых IT-кампаніях свету.

Аляксей Радзівонаў прадоўжыць тэму.

Знайсці памылкі ў працы аперацыйных сістэм і засцерагчы камп'ютарныя праграмы ад хакераў. Новы цэнтр у галіне IT-тэхналогій адкрыўся ў вядучай радыётэхнічнай ВНУ краіны. Спецыялісты запэўніваюць, што толькі за год тут, у інавацыйнай лабараторыі універсітэта, падрыхтуюць як мінімум некалькі соцень высакакласных тэсціроўшчыкаў, кваліфікацыю якіх пацвердзяць сертыфікаты міжнароднага ўзроўню.

Анатоль Осіпаў, першы прарэктар БДУІР: "Патрэбнасць у тэсціроўшчыках у Беларусі вельмі высокая, на сённяшні дзень яна ў тры разы перавышае тое, што мы можам прапанаваць. Тым больш што складанасць тэсціравання ўвесь час расце".

Рыхтаваць будучых тэсціроўшчыкаў будуць на працягу трох гадоў, пачынаючы з другога курса. Само ж навучанне спецыялісты цэнтра падзялілі на тры так званыя ўзроўні. Ручное - гэта калі праграміст асабіста правярае аперацыйную сістэму. Аўтаматызаванае - аналіз з дапамогай таго ж камп'ютара і юзабіліцітэсціраванне - метад, калі тэсціроўшчык вырашае, ці зручна будзе звычайнаму карыстальніку юзаць персанальны камп'ютар.

Святлана Праўдзіна, дырэктар IT-кампаніі: "Тэарэтычных ведаў зараз хапае і ў Інтэрнэце, і ў кнігах. Але пакуль для тэсціроўшчыка шмат супярэчлівай інфармацыі. Пакуль не паспрабуеш на практыцы, пакуль не пагаворыш са спецыялістам, які гэтым займаецца кожны дзень, цяжка вызначыць і зразумець для сябе стратэгію гэтых ведаў".

Вось як раз стратэгію гэтых ведаў студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта для сябе ўжо вызначылі даўно. Пасля атрымання дыплома выпускнікі змогуць не толькі праходзіць практыку ў сусветных IT-кампаніях, але і нават знайсці годныя рабочыя месцы. Дарэчы, першыя трыццаць маладых спецыялістаў ужо прайшлі навучанне ў цэнтры, а наступную групу, кажуць выкладчыкі, набяруць ў 2015 годзе.

Пакуль жа адзнака аб праходжанні новага курсу ў дыпломе аб вышэйшай адукацыі не з'явіцца, але ўсім студэнтам, якія паспяхова здалі экзамен, універсітэт выдасць спецыяльны сертыфікат - дадатак да асноўнага дакумента. Аднак адміністрацыя ВНУ не выключае, што ўжо праз некалькі гадоў у дыпломах выпускнікоў з'явіцца абсалютна новая спецыяльнасць.