Комплексныя вучэнні прайшлі ў аэрапорце Віцебск

27 сентября 2016

Пажар на складзе гаруча-змазачных матэрыялаў у аэрапоруе Віцебск. Такая ўводная комплексных вучэнняў, якія прайшлі сёння ў паветранай гавані. Трэніроўкі на стратэгічна важным аб'екце праходзяць рэгулярна. Віцебскі аэрапорт забяспечвае ўнутрырэспубліканскія авіязносіны, абслугоўвае чартарныя ўнутраныя і міжнародныя перавозкі.

Вучэнні ў аэрапорце Віцебск праходзяць штогод. Аб'ект стратэгічны не толькі ў маштабах рэгіёна, але і краіны. Ён мае статус міжнароднага і здольны прымаць самалёты любых тыпаў. Тут можа прызямліцца нават 400-тонны "Руслан".

Ужо сёлета аэрапорт Віцебск прыняў каля 200 чартарных рэйсаў - паветраным транспартам прылятаюць госці "Славянскага базару", іншых форумаў, а таксама турысты. З Віцебска лятаюць самалёты ў Турцыю і Балгарыю. Пасажырапаток значны, таму дзеянні на выпадак любой пазаштатнай сітуацыі павінны быць дакладна адпрацаваныя.

Пажар на складзе гаруча-змазачных матэрыялаў - такая легенда гэтых вучэнняў. Аб'ём рэзервуараў для захоўвання авіяцыйнага паліва - больш за тры тысячы літраў. Маштабы магчымай трагедыі ўявіць складана.

Першымі да месца ўзгарання прыбылі аварыйныя падраздзяленні аэрапорта. Яны нясуць тут кругласутачнае дзяжурства. Да прыезду пажарнікаў вадой астуджаюць цыстэрны. Разлікам МНС, нягледзячы на абедзенны час пік, 10 кіламетраў дарогі да аэрапорта неабходна пераадолець за нарматыўныя 12 хвілін.

Наступны этап вучэнняў - адпрацоўка элементаў тушэння рухавіка паветранага судна. У самалётабудаванні выкарыстоўваюцца сплавы металаў, якія гараць так, што вадой іх не патушыць. Тут патрэбная спецыяльная пена. Яна перашкаджае паступленню кіслароду да падпаленай паверхні. Трэніроўка праходзіць на спецыяльным палігоне.

Наперадзе - дэталёвы разбор дзеянняў усіх аварыйных служб. Навучальнае надзвычайнае здарэнне на працу паветранай гавані не паўплывала.