Кампанія velcom змяняе назву і лагатып

8 апреля 2019

Velcom да свайго юбілею - а кампаніі спаўняецца ўжо 20 гадоў - запускае маштабны рэбрэндынг і змяняе імя на А1. За новым брэндам не проста іншы лагатып кампаніі, а змена яе статусу, заявіла сёння кіраўніцтва velcom | A1. Зараз гэта паўнавартасны правайдар, гатовы даць свайму кліенту любую лічбавую паслугу, а не проста магчымасць патэлефанаваць родным і калегам, як гэта было калісьці. Што абяцае новы брэнд і чым кампанія здзівіць сваіх кліентаў да святочнай даты? У рэпартажы Вольгі Анішчанкі

Дваццаць гадоў на рынку. На цяперашнія меркі лічбавай эпохі бадай што вечнасць, падкрэсліваюць у кіраўніцтве кампаніі. Увесь гэты час velcom крочыў у нагу з тэхналогіямі - ад развіцця простай сотавай сувязі да ўкаранення інтэрактыўнага ТБ і нават уласнага цэнтра апрацоўкі даных, аднаго з найбуйнейшых у краіне. Сёння той самы момант, калі кампаніі ўжо цесна ў яе цяперашнім статусе мабільнага аператара. 

Гельмут Дуз, гендырэктар кампаніі velcom | А1: "Мы становімся больш за мабільны аператар. На змену яму прыходзіць правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ і кантэнт-паслуг. На працягу чатырох апошніх гадоў мы ўклалі значную колькасць сродкаў і высілкаў у развіццё платформы забаўляльных і кантэнт-паслуг, да інфраструктуры фіксаванай сеткі падлучаныя больш як мільён хатніх гаспадарак. Мы прыйшлі да высновы, што сёння - правільны момант, які адлюстроўвае нашу гатовасць і ўпэўненасць у паспяховым рэбрэндынгу velcom у A1".

Гельмут Дуз c 2007 года нязменны кіраўнік беларускай дачкі буйной аўстрыйскай тэлекамунікацыйнай групы, у якую ўваходзіць velcom. Трансфармацыя беларускай кампаніі - гэта фактычна працяг рэбрэндынгу на еўрапейскім рынку, які ўжо прайшлі іншыя даччыныя кампаніі-аператары. Гэта робіць брэнд А1 вядомым у Еўропе і напроста ўплывае на агульную тарыфную палітыку. Да лета абноўлены аператар абяцае і новыя, лаяльныя цэны на роўмінг. 

Гельмут Дуз, гендырэктар кампаніі velcom | А1: "Каб падкрэсліць нашу прыналежнасць да міжнароднай еўрапейскай кампаніі, мы аб'яўляем сёння, што эра дарагіх тарыфаў у роўмінгу ў сетках кампаній групы А1 для нашых абанентаў завяршаецца. Гэта канцэпцыя роўмінгу па хатніх тарыфах. Абанентам будзе пададзены як мінімум такі ж узровень якасці, а можа, такі, які перавышае яго ў хатняй сетцы, па кошце 5 рублёў 90 капеек за пакет памерам 1 гігабайт - гэта такая ж цана, як і ў Беларусі". 

У якасці адзінага правайдара кампанія неўзабаве прапануе кліентам камбінаваныя паслугі. Г.зн. у адным пакеце - і хатні Інтэрнэт, і тэлебачанне, і мабільная сувязь. Наперадзе таксама вялікія распродажы смартфонаў і першы эксперыментальны магазін з усімі тэхналагічнымі навінкамі. А ўжо сёння і да 21 красавіка ў гонар 20-гадовага юбілею кампаніі кожны кліент атрымае падарунак, калі зойдзе на спецыяльны сайт 20.velcom.by. 

Ірына Савіна, намеснік гендырэктара па спажывецкім сегменце кампаніі velcom | А1: "Можна выбраць альбо інтэрнэт-трафік, трафік максімальны да 20 гігабайт. Альбо гэта зніжка на 50 % на гадавую падпіску на хатні Інтэрнэт, альбо гэта прома-коды на наша лічбавае тэлебачанне "Вока". І карпаратыўныя кліенты змогуць выбраць сярод гэтых паслуг яшчэ і спецыяльныя цэны на пакеты ў роўмінгу". 

Яшчэ некалькі наступных месяцаў кампанія будзе працаваць пад падвойным брэндам - velcom | А1. Але да канца года, як чакаецца, пяройдзе на адзіны - А1. Кліентам не прыйдзецца пераафармляць дамовы з правайдарам. Да таго ж у кампаніі засведчылі: рэбрэндынг не адаб'ецца на кошце паслуг для абанентаў.