Камунальную праблему ў Смалявічах атрымалася вырашыць на працягу дня з дапамогай СМІ

25 марта 2019

Камунальную праблему ў Смалявічах атрымалася вырашыць на працягу дня. Праўда,  пасля прыцягнення  сродкаў масавай інфармацыі. Жыхары адразу некалькіх вуліц райцэнтра паскардзіліся на стан каналізацыі, вада з якой літаральна затапіла дарогу. Пасля візіту ў мясцовы водаканал, рамонтныя працы былі праведзены. Так, вось толькі ў прыватным сектары патопы сталі з'явай перыядычнай. У органы ўлады людзі звярталіся з пачатку года. Але за ўхіленне прычыны  ўзяліся толькі пасля прыезду нашай здымачнай групы. У сітуацыі разбіраўся Аляксандр Камовіч. 

Пра тое,  што каналізацыйныя воды працякаюць праз зямлю на вуліцы Усходняй, жыхары Смалявіч паведамлялі мясцовым уладам яшчэ ў студзені. І калі ўзімку струмені ператваралі вуліцу літаральна ў каток, то вясновыя ручаі прынеслі яшчэ і характэрны пах. Такія  патопы ўжо ўвайшлі ў звыклую справу. Толькі вось да спецыфічнага паху прывыкнуць немагчыма.

Галіна Шымановіч, жыхарка г. Смалявічы: "У панядзелак мы патэлефанавалі ў водаканал, нам сказалі - мы нічога не ведаем. Я гавару, як нічога не ведаеце,  калі ўзімку як стала цячы так і цячэ. Тыдні два нічога не цякло, таму што хтосьці прыязджаў, а зараз зноў".

Мясцовыя бачаць прычыну сваіх бед у каналізацыйнай станцыі. Маўляў, калі помпы пачынаюць перапампоўваць бруд з адной  студні ў другую, вада праз трубу, якую прарвала,  працякае на вуліцу. Аб сваёй праблеме людзі паведамлялі ў самыя розныя інстанцыі, аднак да сённяшняга дня так нічога і не дабіліся.

Мікалай Лоўкін, жыхар г. Смалявічы: "Па сённяшні дзень воз і цяпер тут. Зараз ужо прабіла асфальт, вада знайшла выхад у асфальце бліжэй,  чым водаправодная студня. Як толькі помпы пачынаюць пампаваць, фантанчыкі пачынаюць біць. Вось яна цячэ рака па Усходняй, Беларускай і потым у раку нашу".

Мы вырашылі даведацца, што на гэты конт  думаюць у мясцовым водаканале. Пасля таго, як наша здымачная група адправілася ў офіс, спецыялісты адразу пагадзіліся праінспектаваць  аварыйны ўчастак. 

Галоўны інжынер адзначыў, што аб праблеме ведаюць. Пытанне з каналізацыяй стаіць у  рабочым плане. Затрымку ж тлумачаць тым, што трэба ўзгадніць усе працы з рознымі службамі.

Андрэй Семчанка, галоўны інжынер водаканала г. Смалявічы: "У суботу паступіў сігнал, што цячэ тут па вуліцы. Нашы прадстаўнікі выехалі, перакрылі калектар, лакалізавалі, перанакіравалі па іншым напорным калектары. Сёння мэтанакіравана ў нас было ліквідаваць  гэтую аварыю. Зараз мы выязджалі  сюды з рознымі прадстаўнікамі. Пасля абеду будзе ліквідавана".

Дададзім, што пасля таго, як мы з'ехалі, на месца аварыі прыбыла спецтэхніка, і спецыялісты прыняліся за працу.

Гэтая гісторыя для жыхароў Смалявіч, папярэдне, скончылася добра. Супрацоўнікі водаканала абяцалі выправіць усе праблемы ў найбліжэйшы час. Зрэшты, у паветры павісла заканамернае пытанне, чаму для рашэння лакальнай праблемы мясцовым уладам патрэбна  ўвага сродкаў масавай інфармацыі.