Камітэт дзяржкантролю сёння адправіўся ў рэйд

3 сентября 2014

Былыя дзіцячыя лагеры, размешчаныя ў лясных масівах, задзейнічаюць неэфектыўна. Камітэт дзяржкантролю сёння адправіўся ў рэйд, каб выявіць, дзе інвестары не выканалі сваіх абавязкаў. Будынкі, якія павінны пераабсталяваць у базы адпачынку, прастойваюць гадамі, а лясы высякаюцца.


Таццяна Нікіціна разбіралася ў тэме.


Вось гэты знявечаны часам бюст Алега Кашавога сустракае нас на ўваходзе ў піянерскі лагер. У такім жа дрэнным стане тут будынкі былых карпусоў, сталовай і лазні. Ужо 20 гадоў лагер закрыты. Таму ў 2010 зямлю вырашылі прадаць на аўкцыёне. Планавалася ўзвесці тут базу адпачынку. Аднак інвестар свае абавязкі не выканаў.


Гэтыя векавыя елкі нікому не належаць. Цэлыя лясныя масівы ў дакументах не пазначаныя, а браканьеры высякаюць дрэвы беспакарана. Камітэт дзяржкантролю сёння адправіўся ў рэйд, каб праверыць, якія зямельныя ўчасткі выкарыстоўваюцца неэфектыўна.


Толькі ў Мінскім раёне такіх закінутых лагераў амаль 20. Зямля тут ператвараецца ў сметнік, а будынкі ўжо не прыдатныя для эксплуатацыі. Аднак відаць, што на тэрыторыю лагераў часам усё ж заходзіць моладзь. Раскладаюць агонь і малююць графіці.


Гэта былое месца адпачынку ў Лагойскім раёне. Вельмі блізка размешчаны могілкі - вось адна з прычын, па якой лагер закрылі. Дзікі заходзяць сюды часцей, чым людзі. Вартаўнік Дзмітрый яшчэ памятае, якім быў лагер да закрыцця. Ён ахоўвае гэтую тэрыторыю ўжо восьмы год.


Падлога развальваецца, на ложках даўно ніхто не спаў. А калісьці тут адпачывалі дзеці. Піянерскі лагер Зорка не працуе ўжо 7 гадоў.


Праверкі праводзяцца па ўсёй краіне і працягнуцца да лістапада. Ужо выяўлены шматлікія парушэнні. У месцах, дзе павінны былі размясціцца базы адпачынку, часцей за ўсё ажыццяўляецца камерцыйная дзейнасць. У такіх нядбайных інвестараў участкі хутка канфіскуюць.