Камітэт дзяржбяспекі Беларусі апублікаваў падрабязнасці выкрыцця буйнамаштабнай карупцыі ў сферы аховы здароўя

25 июня 2018

Падчас нядаўняй паездкі ў Брэст Прэзідэнт распавёў журналістам пра новыя раскрытыя карупцыйныя схемы, у якіх задзейнічаныя вялікія чыноўнікі. І вось сёння стала вядома, што гэта - шматлікія факты хабарніцтва пры закупках лекаў і медыцынскага абсталявання. Паводле звестак КДБ, пастаўкі медпрэпаратаў і тэхнікі ішлі праз ланцужок фірм, звязаных са службовымі асобамі. Пры гэтым добрасумленныя пастаўшчыкі не заўсёды дапушчаліся да працы. У выніку кошт лекаў і абсталявання завышаўся. Часам у два разы. Затрыманыя больш за 50 чалавек, 33 з іх службовыя асобы. Пры вобыску ў фігурантаў карупцыйнай справы знайшлі вялізныя сумы наяўных. Размова пра сотні тысяч долараў. Сярод затрыманых - кіраўнікі Белмедтэхнікі, Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя, начальнікі профільных упраўленняў Мінабароны і Гродзенскага аблвыканкама. Амаль усе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са следствам. Падрабязнасці раскрытай карупцыйнай схемы - у нашым рэпартажы.

"Недатыкальных няма", - гэтая фраза Прэзідэнта, мабыць, дакладней за ўсё характарызуе стаўленне да карупцыі ў нашай краіне. Яшчэ раней камітэт завёў адразу тры крымінальныя справы. Фігуранты - 14 службовых асоб Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі. Начальнік гэтай інспекцыі разам з намеснікам былі вызваленыя з пасад.

Утаіць факты карупцыі ў сучасным высокатэхналагічным свеце вельмі складана. І не трэба быць вялікім спецыялістам: любы просты чалавек, не ўбачыўшы, да прыкладу, у магазіне або ў аптэцы фінансавай логікі, цалкам справядліва задаецца пытаннем. Год таму такое пытанне Прэзідэнту задала звычайная жыхарка гарадскога пасёлка.

Задача Міністэрству здароўя - правесці глыбокі аналіз цэн на лекі і знайсці рашэнні для іх паніжэння. Судзячы па загалоўках навін, якія ўсё часцей пачалі мільгацець у інфармацыйных стужках, праца ў кірунку вялася.

Са зразумелых прычын засталося за кадрам даручэнне ў адрас КДБ: камітэт павінен быў глыбока разабрацца ў нярынкавых прычынах высокага кошту медпрэпаратаў і абсталявання.

Пра тое, што гэтая праверка дала вынік, Прэзідэнт намякнуў журналістам падчас сваёй нядаўняй паездкі ў Брэст. У СІЗА КДБ на той момант ужо знаходзіўся шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў.

У выніку карпатлівай працы выкрытая цэлая карупцыйная сістэма, як сёння дзеліцца падрабязнасцямі старшыня Камітэта дзяржбяспекі.

Шырокае поле дзейнасці для карупцыі стварала бюракратыя. Механізм допуску прэпаратаў і медабсталявання на рынак быў ускладнены роўна настолькі, каб у гэтай каламутнай вадзе можна было разлічваць на незаконную здабычу. Добрасумленным пастаўшчыкам тут лавіць было няма чаго: закупкі праводзіліся праз доўгі ланцужок фінансавых кампаній. А ў выніку рашэнне элементарнага пытання, да прыкладу, аб замене лямпы ў аперацыйнай, доўжылася месяцамі. Карупцыйны ланцужок у выніку прывёў да вельмі высокіх пасад медыцынскай сферы.

Гэта аператыўная здымка вобыску ў гаражы яшчэ аднаго затрыманага - дырэктара Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белмедтэхніка". У яго кампетэнцыі было забеспячэнне своечасовай аплаты і рэалізацыі закупак. Аляксандр Шарак назірае за працай аператыўнікаў, якія выявілі ў схованцы больш за 620 000 долараў ЗША ў эквіваленце. Прычым нават сам медыцынскі функцыянер не змог назваць дакладную суму грошай, схаваных у гаражы.

Акрамя таго, затрыманы некалькі службовых асоб Белмедтэхнікі, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі працы камісіі Міністэрства здароўя па закупке абсталявання. У іх кампетэнцыі таксама была своечасовая аплата паставак.

За атрыманне і дачу хабараў, а таксама за ўхіленне ад выплаты падаткаў затрымалі, узялі пад варту або ўжылі іншыя меры абмежавання ў дачыненні да 33 службовых асоб. А ўсяго ў карупцыйным спісе - больш за 50 чалавек. Амаль усе яны ўжо прызналі сваю віну і супрацоўнічаюць са следствам.

Валерый Вакульчык, старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі: "Службовыя асобы сістэмы аховы здароўя атрымлівалі хабары за рашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю. Разавыя незаконныя грашовыя ўзнагароды даходзілі да 10 000 долараў ЗША, а асобным службовым асобам - да 350 000 долараў ЗША за адзін раз".

У выніку вобыскаў, добраахвотнага пакрыцця шкоды, вяртання сродкаў у прыбытак дзяржавы ўжо паступіла больш за 15 мільёнаў долараў.

Ідзе і ацэнка падатковых страт бюджэту. Звышпрыбыткі фігурантаў захоўваліся на замежных рахунках у асноўным у ПАР, Ганконгу, Літве, Латвіі і Расіі.

Дарэчы, некаторыя фігуранты паспрабавалі схавацца за мяжой, што толькі паскорыла прыняцце рашэння аб іх затрыманні і арышце.

Валерый Вакульчык, старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі: "Сёння можна гаварыць пра тое, што выкрытыя намі факты супрацьпраўнай дзейнасці ў сістэме аховы здароўя дазволяць ацаніць рэальнае становішча спраў у закупках лекаў і медыцынскага абсталявання, знізіць іх кошт, эфектыўна выкарыстаць бюджэтныя сродкі, якія вылучае дзяржава на гэтыя патрэбы, знішчыць умовы і прычыны для карупцыйных праяў, стварыць празрысты і роўны механізм набыцця лекавых сродкаў і медыцынскага абсталявання. З пункта погляду вядзення бізнесу, гэта будзе выгадна як добрасумленным пастаўшчыкам, так і дзяржаве, а таксама канчатковаму спажыўцу - насельніцтву Рэспублікі Беларусь. Са сказанага для любога прафесіянала і нават непрафесіянала відавочна, што гэта не разавыя мерапрыемствы, а глыбокая сістэмная праца па процідзеянні карупцыі ў нашай краіне".

Вяртаючыся да пытання, якое год таму задавала звычайная жыхарка гарадскога пасёлка. Спецыялісты палічылі, што ў выніку работы выкрытых карупцыйных схем кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60, а ў асобных выпадках на 100 працэнтаў. А гэта значыць, што апетыты карупцыянераў грамадзяне Беларусі аплачвалі са сваёй кішэні. І яшчэ адзін важны факт: сярод фігурантаў - выключна медыцынскія функцыянеры.