Камітэт дзяржбяспекі раскрыў буйную карупцыйную схему ў алкагольнай галіне Беларусі

22 октября 2019

У дачыненні сямі службовых асоб узбудзілі  крымінальныя справы. Ва ўрадзе паведамілі аб дзвюх гучных адстаўках: ад занятых пасад вызвалілі кіраўніка канцэрна "Белдзяржхарчпраму" Аляксандра Забелу і гендырэктара кампаніі "Мінск-Крышталь" Станіслава Іодзіса. Факты карупцыі выявілі менавіта на іх падведамасных  прадпрыемствах. 
Першапачаткова ў поле зроку аператыўнікаў трапілі два бізнесмены, якія лабіравалі  за хабары інтарэсы сваіх камерцыйных кампаній. За грашовую ўзнагароду вырашаліся пытанні паставак прэпаратаў, інгрэдыентаў і абслугоўвання абсталявання. Службовыя асобы  прадпрыемстваў алкагольнай прамысловасці ў Мінскай і Віцебскай абласцях атрымлівалі за садзейнічанне ад 500 долараў да 15 тысяч долараў. Аляксей Марцінёнак распавядзе падрабязней.

Не, гэта не гукавы брак, а наадварот - чыстая праца праваахоўнікаў. Якія прадаставілі  нам унікальныя кадры, што адкрываюць  вочы на сістэмны ланцужок злачынстваў. Кадры без гуку: цішыню любяць  не толькі грошы, але і следства. 

І што мы бачым: заснавальнік фірмы "Фінікон" па прозвішчы Лаўдар перадае дырэктару Чашніцкага спіртзавода Нясмірнаму 1300 долараў за своечасовую аплату па дагавору. Гарачы дзень, акно адчынена. Бізнесмен пералічвае купюры - зараз гэта незаконны  капітал чыноўніка.
Гэты ж бізнесмен у мінулым месяцы даў хабар гендырэктару Віцебскага лікёра-гарэлачнага  завода Васілеўскаму. 15 тысяч долараў каштавала перамога ў тэндэры на мадэрнізацыю Багушэвіцкага  філіяла. Усяго ж падчас следчых дзеянняў у кіраўніка завода канфіскавана  75 тысяч долараў ЗША.
Ну а прадпрымальнік быў затрыманы праваахоўнікамі, на яго ўзбудзілі крымінальную справу за дачу хабару. 

Гэта і ёсць тая самая нездаровая канкурэнцыя ва ўсёй красе. З агульнага рынку змушаныя сыходзіць сумленныя гульцы, а топ-чыноўнікі з дзяржструктуры, набіваючы кішэні, страчваюць усялякі давер у людзей. І гэта - самае галоўнае. Бо ў сусветнай гісторыі ёсць шмат прыкладаў, як карупцыя губіць цэлыя галіны і нават краіны, раз'ядае знутры тое, што стваралася гадамі. Менавіта таму барацьба з ёй – жорсткая   і непрымірымая - гэта абарона ўжо цэлай дзяржавы ад унутранага развалу. 

Праваахоўнікі сабралі па драбінках  і яшчэ адну схему: карупцыйную сувязь з дзяржпрадпрыемствамі наладзіў і дырэктар фірмы "Эталон-Маркет" Коўтун. На гэтых кадрах - галоўны інжынер ААТ "Мінск Крышталь" Жарын. Яго затрымалі на месцы злачынства пры атрыманні чарговага хабару. Тры тысячы еўра  побач, на пасажырскім крэсле. І гэта не ўсё: высветлілася, што за "правільнае" садзейнічанне ў мадэрнізацыі аднаго са спіртзаводаў Жарын атрымаў не меней за  13 тысяч еўра.

Яго калега - інжынер аддзела капбудаўніцтва Бялько  - таксама развітаўся з "крыштальнай" рэпутацыяй. Прычына - незаконная ўзнагарода памерам   500 долараў. 
Узбуджаны крымінальныя справы за хабарніцтва ў дачыненні галоўнага тэхнолага Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода, намдырэктара "Пінскага вінаробнага завода" і начальніка інфармацыйна-тэхнічнага цэнтра ААТ "Хімрамонт". Увогуле, маштабы ўражваюць. Фігуранты далі прызнальныя паказанні і супрацоўнічаюць са следствам. Усяго ўзбуджана 7  крымінальных спраў за атрыманне хабару і адна - за дачу хабару. У дачыненні 4-х чалавек абрана мера стрымання  ў выглядзе зняволення пад варту.

Зразумела, што заплюшчваць  вочы на карупцыйныя праявы, якія літаральна пад носам - сёння таксама падобна злачынству. І гэтая гісторыя - таму пацверджанне: калі кіраўнікі ў сваіх падведамных арганізацыях дапусцілі недапушчальнае. І гэта той выпадак, калі таўталогія дарэчны. Бо аб жорсткай адказнасці за карупцыю таксама гаварылі не адзін раз.

За гады незалежнасці наша краіна, гэта значыць мы,  беларусы, фактычна з нуля будавалі і развівалі эканоміку, адраджалі прамысловасць, стваралі новыя галіны.  І гэта тое, чым у пару ганарыцца, а не прысвойваць, бурыць, ды і папросту красці ў асабістых інтарэсах. Менавіта таму за карупцыю, гэта значыць замахі на народнае, адказнасць прынцыповая, і галоўнае - немінучая.