"Камінтэрн" прапануе прыкладна 50 мадэляў школьнай формы

6 июля 2015

Школьны год нядаўна скончыўся, а вытворцы адзення ўжо думаюць пра новы. Прадпрыемствы айчыннага лёгпрама распрацавалі арыгінальныя мадэлі школьнай формы. Адзін з найбуйнейшых вытворцаў у Беларусі - "Камінтэрн" - прапануе пакупнікам прыкладна 50 мадэляў. Усяго тут плануюць выпусціць 50 тысяч школьных касцюмаў. Прычым беларускае адзенне чакаюць на рынках краін Сярэдняй Азіі. Прадпрыемства вядзе перамовы аб пастаўках з Арменіяй, Таджыкістанам, Туркменістанам і Іранам. Вольга Халадовіч пра модныя тэндэнцыі школьнай формы.

Для найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы мужчынскіх касцюмаў Расія заўсёды была асноўным замежным партнёрам. На рынак гэтай краіны прыходзіцца большая частка экспарту. Але са змяненнем кан'юнктуры рынку прадпрыемствы айчыннага лёгпрама сталі шукаць новыя маркетынгавыя рашэнні.

Каб умацаваць свае пазіцыі, ужо зараз на вытворчасці распрацавалі новую калекцыю школьнай формы. Як паказвае практыка, гэта прадукцыя заўсёды запатрабавана. Асабліва, калі яна адпавядае новым тэндэнцыям.

Школьная форма ў гэтым сезоне будзе не толькі практычнай, але і моднай. На прадпрыемстве ўжо распрацаваны мадэлі slim-fit. Гэта папулярныя зараз сярод моладзі завужаныя штаны і прыталеныя пінжакі.

У сярэднім за сезон у кожным з 15 магазінаў асноўнага прадстаўніка айчыннага лёгпрама прадаюць каля 2 тысяч адзінак школьнай формы. Праўда, зараз тут пакуль немнагалюдна. Традыцыйна пік пакупніцкай актыўнасці прыпадае на жнівень. Тым не менш тут ужо прадстаўлены самыя запатрабаваныя мадэлі.

Каб не залежаць толькі ад расійскага партнёра, на прадпрыемстве зараз актыўна працуюць над пашырэннем рынкаў збыту. Усяго сёлета прадпрыемства выпусціць 50 тысяч школьных касцюмаў. У параўнанні з мінулым годам калекцыя абнавілася на 60%.