Каманда шоу "Макаёнка, 9" пачала здымкі тэматычнага эфіру ў тэатры

27 марта 2020
Да прафесійнага свята акцёраў, рэжысёраў і сцэнарыстаў звярнуліся і нашы калегі. Так, каманда вячэрняга шоу "Макаёнка, 9" сёння пачала здымкі тэматычнага эфіру не ў звыклым для сябе студыйным павільёне, а ў тэатры. Са здымачнай пляцоўкі наш культурны аглядальнік Дар'я Тарасава.

Тэлешоу у чатырох дзеяннях. Замест "шасцісоткі" - сцэна Купалаўскага. Студыйную бутафорыю на адзін эфір прамянялі на арыгінальныя дэкарацыі з "Паўлінкі". Менавіта гэтым спектаклем тут адкрылі парадку 80 тэатральных сезонаў. Соты не стаў выключэннем. А вось галоўныя дзеючыя персанажы змяніліся. На пляцоўцы працуе каманда "Макаёнка, 9". 

Арт-фае. Месца, дзе купалаўцы рыхтуюцца да выхаду на сцэну. Сёння тут імправізаваны здымачны павільён. На плэй-бэках, вядома, не нацыянальная класіка, а, хутчэй, тэатр у асобах. У афішы - інтэрв'ю з мастацкім кіраўніком і дырэктарам галоўных драматычных падмосткаў, экскурсія па кулуарах ад Паўла Харланчука і ASMR-чэлендж. Гэта ўсяго некалькі спойлераў са сцэнарыя, напісанага аўтарскай групай спецыяльна пад міжнароднае свята. 

Павел Латушка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: "Мы святкуем разам з "Беларусь 1", і нам вельмі важна, каб таксама нашы гледачы, аматары Купалаўскага тэатра і не толькі, а ўсе, хто любіць беларускую культуру, даведаліся аб тым, што сёння сапраўднае тэатральнае свята. Гэта, дарэчы, выключная з'ява, калі сапраўды тэлеканал са сваёй праграмай выходзіць на намоленую славутую купалаўскую сцэну". 


У ролі канферансье ў тэматычным выпуску - Андрэй Макаёнак 


На сцэне Купалаўскага п'есы Макаёнка ішлі 39 сезонаў таму. Драматургічны прабел запоўніў адзін са сцэнарыстаў шоу. Сёння роля канферансье - за Андрэем Макаёнкам. Вобразы сувядучаму падбіралі ў касцюмерных цэхах Купалаўскага.


У грымёрках артыстаў Купалаўскага - музычныя госці "Макаёнка, 9" 


У грымёрках народных і заслужаных - музычныя госці. У эфіры "Макаёнка, 9" трэк, які не прагучыць на "Еўрабачанні", гледачы "Беларусь 1" першымі пачуюць у новай версіі. Дарэчы, дуэт VAL у гасцях у шоу не першы раз. 


Галоўная гераіня шоу - ПТС "Яніна" 


Галоўная гераіня тэлешоу - "Яніна". Перасоўная тэлевізійная станцыя ловіць сігнал з 8 камер. У дапамогу інтэлектуальнай платформе два стэдыкамы. Мінімум дубляў - больш імправізацыі. Пішуць "Макаёнка, 9" на Энгельса 7 у рэжыме прамога эфіру. 


Шоу "Макаёнка, 9" працягне працаваць на выездзе 


З тэлепавільёна ўжо выязджалі на панарамную пляцоўку Траецкага прадмесця. Так запускалі другі сезон шоу "Макаёнка, 9". Эксперыменты з лакацыямі абяцаюць прадоўжыць. 

Яўген Перлін, вядучы шоу "Макаёнка, 9": "Я зараз перад здымкай ішоў па Карла Маркса, сустрэў дырэктара нашага Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, і ён гаворыць: "Яўген, бачыў вашу ПТС. А давайце выпуск у нас знімем". Таму, я мяркую, што гэта адзін з найбліжэйшых планаў".


Тэатральны эфір - заўтра перад "Панарамай"

 
Тэатральны эфір "Макаёнка, 9" на "Беларусь 1" ужо заўтра. Вячэрняе шоу у суботнім прайм-тайме перад "Панарамай" у 20:00. З'явіцца тэматычны выпуск праекта і на афіцыйным YouTube-канале шоу.