Каманда архітэктараў за Мінск-Арэну была адзначана вышэйшай узнагародай

21 сентября 2013
Рэпартаж Юліі Чаргінец.

За чатыры гады замест пусткі - месца сустрэчы Джо Кокера, Джэніфер Лопес, Элтана Джона. Веладром, канькабежны стадыён, арэна на 15 тысяч гледачоў, паркоўка. На такую маштабную кампазіцыю не адважваліся ў сусветных мегаполісах. Архітэктары-беларусы змаглі - спалучылі чатыры паўнавартасныя аб'екты разам.

Ездзілі ў Маскву, Берлін, Афіны, каб запазычыць ідэі са знакамітых, нават антычных арэн, але ўзораў не знайшлі. Зрабілі па-свойму.

Драўляныя замкі, барочная эпоха ў кафедральным саборы і тэатр оперы і балета ўжо ў стылі канструктывізму. З кожнай эпохай новая архітэктурная школа. І сучасныя дойліды надаюць эклектычнасці вуліцам Мінска стылем хай-тэк.

Са стылем Мінск-Арэны не вагаліся - хай-тэк найбольш прымальны для такога шматфункцыянальнага комплексу.

Анатоль Шабалін, лаўрэат Дзяржпрэміі за 2012 год, кіраўнік праекта МКСК Мінск-Арэна: Гэта прэмія прысуджана ў юбілейны год для нашага інстытута Дзяржпраекта, які сёлета адзначыў 80-годдзе. Гэта прэмія важная як ацэнка працы.

28 відаў спорту пад адным дахам. Комплекс ужо збіраў сусветнае першынство па веласпорце на трэку, а праз год Арэна стане галоўнай лядовай пляцоўкай свету - зараз у чаканні чэмпіянату па хакеі. Зрэшты, архітэктары сваю справу зрабілі, а каб комплекс вабіў і сваім унутраным жыццём, ужо залежыць ад іншых асоб.