Калекцыю карысных для здароўя водараў стварылі знакамітыя парфумеры

29 марта 2018

Яны распрацавалі іх спецыяльна для цяжкахворых дзяцей з Беларусі. У Мінску падвялі вынікі маштабнага дабрачыннага праекта, які развівае новы напрамак паліятыўнай дапамогі - лячэнне пахамі. Якія з іх сапраўды дапамагаюць дзецям адчуць сябе лепш?

Матэрыял Аляксандры Кавеліч. Успомніць яркія моманты і нават здзейсніць падарожжа за сотні кіламетраў тут дапамагаюць водары. Марская хваля ці проста пірожнае з карамеллю – у кожным флаконе свой знаёмы пах. 16-гадовы Марк аддае перавагу больш брутальнай парфуме – просіць падабраць па-сапраўднаму мужчынскі водар, а яшчэ той, які нагадвае летні адпачынак.

Лячэнне пахамі або альфакторная тэрапія – новы напрамак паліятыўнай дапамогі. Удыхнуць карысныя для здароўя водары падапечныя дзіцячага хоспіса і цэнтра анкалогіі змаглі дзякуючы вялікаму дабрачыннаму праекту. Да ініцыятывы далучыліся знакамітыя майстры з Францыі, Італіі, Германіі, а таксама парфумеры-пачаткоўцы.

Увасабляць дзіцячыя мары і фантазіі ў водарах – ідэя Вольгі Аляксандр. Прафесар вышэйшай школы парфумераў Парыжа не адзін год вывучала ўплыў пахаў на чалавека і пераканалася: правільна падабраныя ноты могуць не толькі паляпшаць настрой, нават зніжаць боль.

Каб стварыць лячэбную парфуму, спецыялісты пільна сачылі за рэакцыяй дзяцей на розныя водары і спалучалі менавіта тыя, што выклікаюць толькі станоўчыя эмоцыі.

Вось у такіх невялікіх флаконах зараз захоўваюцца вынікі маштабнага дабрачыннага праекта. На стварэнне кожнага ўнікальнага паху спатрэбіліся месяцы карпатлівай працы парфумераў. Усяго яны падрыхтавалі 25 індывідуальных альфакторных стымулаў. Менавіта так называюць водары, якія лечаць.

Лёгкі ранішні вецер і цёплыя кветкавыя акорды – такая формула «карыснай» парфумы для маленькай Кіры. Водар толькі прывезлі ў сталіцу, і дзяўчынка адчувае яго ўпершыню.

Распрацаваны індывідуальна водар напярэдадні ўручылі ўсім удзельнікам дабрачыннага праекта.

Усе водары, якія выкарыстоўвалі падчас праекта, аб'ядналі ў вялікую бібліятэку. Такая калекцыя дапаможа многім дзецям удыхнуць свае прыемныя ўспаміны.