Гамяльчанін сабраў калекцыю мініяцюрных дрэў бансай

21 апреля 2018

Ці рэальна 20 гадоў вырошчваць дрэва ў кветкавым вазоне? Гамяльчанін Дзмітрый Віхараў пераканаўся ў гэтым на сваім вопыце. Вось ужо два дзесяцігоддзі займаецца бансаем. Бансай - гэта мастацтва вырошчвання мініяцюрнай копіі сапраўднага дрэва. Сёння ў майстэрстве з гамяльчанінам могуць параўнацца толькі два чалавекі ў краіне. З незвычайным майстрам сустрэлася Ганна Кавалёва.

Дзмітрый Віхараў зараз у ролі хірурга: адна неасцярожнасць - і маленькае дрэва, якое вырошчваў гадамі, страчана. Бансай - мастацтва карпатлівае: дапамагае вырасціць шматгадовае дрэва ў звычайным вазоне.

Інжынер-цеплаэнергетык па прафесіі і філосаф ў душы Дзмітрый Віхараў прысвяціў бансаю паўжыцця. У гэтай справе хуткіх вынікаў не бывае. Напрыклад, каб з такога ўзору зрабіць прыгожы экспанат, трэба яшчэ мінімум тры гады. Паліву і абрэзкі па тэхналогіі недастаткова. Даводзіцца пры дапамозе дроту ствараць форму з жывога матэрыялу.

У Беларусі майстроў па бансаі такога ж узроўню толькі тры. Прыклад Дзмітрыя і зусім унікальны. За два дзясяткі гадоў ён выпрацаваў аўтарскія прыёмы. Цяпер піша пра іх кнігу. На літаратурную працу спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў. Аднак яна абяцае стаць адзінай у сваім родзе, гэтак жа, як і раслінны фонд Дзмітрыя, які налічвае больш за 200 экспанатаў - на сёння самы вялікі ў краіне.

Калекцыю па праве можна лічыць унікальнай. Напрыклад, вось гэта - маклюра або адамаў яблык. Адзінае ў свеце дрэва такога віду ў стылі бансай.

Самыя маленькія дрэвы ў калекцыі вышынёй 6 сантыметраў. Міні-копія звычайнага вяза фармавалася 5 гадоў. Таксама ёсць цыгарэтнае дрэва, якое цвіце і пладаносіць, як і яго поўнараз мерны сабрат. Вазоны для раслін Дзмітрый робіць сам. Лічыць іх аправай для дрэва, якая павінна быць пэўнай формы, гамы і памеру ў залежнасці ад ідэі.

Дзмітрый Віхараў, майстар па бансаі: "Кожны з іх са сваім характарам, са сваімі звычкамі, асаблівасцямі. І часам яны сябе так паказваюць, рэагуюць на пэўныя спецыфічныя дзеянні. Я наогул лічу, што гэта жывыя істоты, якія ўсё разумеюць і размаўляюць паміж сабой. Нешта накшталт дзяцей, толькі яны жывуць значна даўжэй і застаюцца ўжо нашым дзецям, унукам і праўнукам. Гэта як сувязь пакаленняў".

Не так даўно ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў адкрылася выстава Дзмітрыя Віхарава. І гэта ўжо дванаццатая па ліку персанальная экспазіцыя. Найбліжэйшыя пяць гадоў майстар будзе працаваць над стварэннем новага выставачнага праекта. У абрамленні дрэў плануе выкарыстоўваць шкляныя сферы. Эксперыментальны праект пад назвай "За крок ад неба" стане першым у сваім родзе.