Калекцыя катоў сям'і Супрунюк

10 марта 2017

Больш за 4 тысячы экспанатаў любімай свойскай жывёлы ў калекцыі сям'і Супрунюк. Апантаныя калекцыянеры збіраюць катоў па ўсім свеце. Наталля Кузьміцкая пабывала на выставе.

Усё ў выглядзе катоў. 15 гадоў таму Васілю Супрунюку сябры падарылі маленькую скульптуру мурлыкі, пасля было яшчэ прыкладна за сотню такіх сувеніраў. А потым і сам будучы калекцыянер падабраў на вуліцы маленькае кацяня і не заўважыў, як стаў апантаным катаманам.

Сёння ў калекцыі Васіля Супрунюка больш за 4 тысячы экспанатаў. Невялікае памяшканне амаль цалкам занятае шафамі з прадметамі мастацтва ў разнастайных тэхніках, ювелірнымі вырабамі, ёлачнымі цацкамі, карцінамі, манетамі з не ўсім вядомых ціхаакіянскіх астравоў Вануату і Ніуэ. Увогуле геаграфія выставы - 63 краіны свету.

Класіфікаваць калекцыю свойскіх і дваровых, кітайскіх Маа, Сайманаў і Хелоў Кіці, катоў-артыстаў і галівудскіх прыгажунь Васілю Супрунюку дапамагае яго другая палавінка. Жартуюць: гэта іх агульнасямейнае захапленне.

Каб разгледзець усю вялікую і, безумоўна, непаўторную котакалекцыю, спатрэбіцца не адна гадзіна. Для зручнасці наведвальнікаў свае экспанаты гаспадары фарміруюць тэматычна. У адной секцыі каты ў выглядзе лыжак, грабянёў – прадметаў штодзённага ўжытку, у другім кутку асобная экспазіцыя адмысловых масак.

Серыка, Рыжыка і Чору, кошку, якая гуляе сама па сабе, Лізавета і Васіль забралі з пункта часовага ўтрымання жывёл. І сёння на правах сапраўдных офісных гаспадароў усе каты часам удзельнічаюць у перамовах і вырашаюць, калі неабходна зрабіць перапынак ці нават хвілінку падрамаць.

Хатнія гадаванцы на працоўным месцы сёння ўжо не дзіва. Такія буйныя кампаніі, як Amazon і Google, ужо даўно абвясцілі дружалюбнае ў адносінах да свойскх жывёл стаўленне. І, згодна з назіраннямі, адзначаюць: прысутнасць сабак ці катоў у офісе спрыяе стварэнню камфортнай рабочай атмасферы і даверлівых адносін у калектыве.