Калекцыянер з Полацка

7 ноября 2016

Мікалай Панкрат сабраў у сябе ўсю савецкую эпоху ў кнігах, марках і барэльефах - усёй атрыбутыцы Саюза. Колькі Ільічоў у яго доме, злічыла Вольга Маслоўская.

Дом Мікалая Панкрата людзі завуць музеем эпохі Леніна. Сам калекцыянер лічыць, што яго збор тэматычна шырэйшы. Але менавіта тэарэтыкі камунізму, растыражаваныя ў бронзе, гіпсе і бетоне, карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Толькі бюстаў Леніна ў Панкрата больш за чатырыста. І ні адзін не паўтараецца. А калі ўгледзецца ў твар правадыра, можна зразумець, з якой рэспублікі СССР ён прывезены.

А вось гэты Валодзя Ульянаў больш за іншых грэе душу калекцыянера. Бо менавіта перад ім і сваімі таварышамі яшчэ школьнікам Мікалай Панкрат прымаў клятву піянера. Дарэчы, гэтыя бюсты - падарункі працоўным калектывам розных прадпрыемстваў і арганізацый за перамогу ў сацспаборніцтве. Экскурсавод па выставе - сам калекцыянер.

Калекцыяніраваннем Мікалай Панкрат захварэў шмат гадоў таму. За гэты час нямых сведак цэлай эпохі ў жыцці краіны назапасілася такая колькасць, што пад калекцыю прыйшлося аддаць палову ўласнага дома. Некаторыя бюсты выстаўляюцца проста на вуліцы.

Зараз на вітрынах няма і паловы наяўных экспанатаў. Калі б дазвалялі плошчы, калекцыянер мог бы папросту аформіць асобныя экспазіцыі на тэмы "Камуністычная партыя", "Ленінскі камсамол" і "Паплечнікі Ільіча".

Грошай з наведвальнікаў выставы Панкрат не бярэ. Хацеў бы зарабіць, прадаў бы ўсё загранічным калекцыянерам. Толькі думае аматар старога іншымі катэгорыямі: яго «Эпоха Леніна» - гэта эпоха ў жыцці краіны.