Калектыў РНПЦ "Маці і дзіця" адзначаны прэміяй "За духоўнае адраджэнне"

5 января 2016

Не проста прафесія, а прызначэнне і стан душы. Гэтыя словы можна аднесці і да працаўнікоў навукова-практычнага цэнтра "Маці і Дзіця". Тут штодня клапоцяцца і ратуюць жыцці самых маленькіх беларусаў, і даюць магчымасць здабыць шчасце мацярынства, нават тым, хто страціў любую надзею. Калектыў РНПЦ нядаўна быў адзначаны прэміяй "За духоўнае адраджэнне". Аб жыццёва важнай дапамозе і сучасным лячэнні нашых дзяцей распавядзе Аляксандра Драгун.

Аб спартыўнай будучыні свайго сына Ганна Зелянко разважае, не хаваючы захаплення. Нованароджаны Арцём - 54 сантыметры. Малы ў маладой мамы першы - 23 снежня Арцёму дапамаглі з'явіцца на свет у навукова-практычным цэнтры "Маці і Дзіця".

Тут радасць мацярынства знаходзяць жанчыны нават з самымі мінімальнымі шанцамі. Амаль 9 гадоў назад у аддзяленні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій правялі першае штучнае апладненне.

Радзільнае аддзяленне навукова-практычнага цэнтра - адзінае ў Беларусі, дзе захоўваюць цяжарнасць у пацыентак, у якіх пачаліся роды, да прыкладу, ужо на 24-ым тыдні. Тут праводзяць комплекс мерапрыемстваў, каб малы адужэў і падрос у лоне маці, а не ў інкубатары.

Але нават нованароджаных з экстрэмальна нізкай масай цела - ад 500 грамаў - выходжваюць у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Для малых, якія з'явіліся на свет раней за тэрмін, ствараюць неабходныя ўмовы. Інкубатары нават закрываюць ад дзённага святла.

У цэнтры практыкуюць індывідуалізаваныя і праграмы зберагальнага выходжвання, каб нават самыя слабыя дзеці раслі здаровымі.

Навукова-практычны цэнтр "Маці і Дзіця" з'явіўся ў 2004 годзе. А праз пяць гадоў медыкі правялі тут аперацыю дзіцяці, якое знаходзілася ў лоне маці.

У навукова-практычным цэнтры каля 10-ці тысяч жанчын і дзяцей штогод атрымліваюць жыццёва важную дапамогу. І гэта не толькі жыхары сталіцы - усёй краіны. Сёння перадаюць вопыт рэгіёнам і ўдасканальваюць тэхналогіі лячэння самых маленькіх і безабаронных.