Колькасць электронных табло на прыпынках ў сталіцы сёлета павялічыцца амаль удвая

9 февраля 2017

Колькасць электронных табло на прыпынках грамадскага транспарту ў сталіцы сёлета павялічыцца амаль удвая. Да лета электронныя інфарматары ўсталююць на вуліцы Прытыцкага, а таксама на праспектах Дзяржынскага і Партызанскім. На мультымедыйнай карце можна ўбачыць, праз які час прыбудзе транспарт і дзе ён знаходзіцца. Падрабязней - Аляксандра Кавеліч.

У цэнтры кіравання рухам пад пільнай увагай спецыялістаў увесь грамадскі транспарт сталіцы. А пад кантролем дыспетчара Аксаны Слепянковай сёння - машыны сёмага аўтобуснага парка. Падчас узнікнення пазаштатнай сітуацыі яна павінна аператыўна адрэагаваць, каб аднавіць транспартны паток.

Аксана Слепянкова, дыспетчар наземнага транспарту ДП «Мінсктранс»: "Калі мы бачым, што транспартны сродак спыніўся і выбіўся з графіка, мы звязваемся з вадзіцелем. У нас тут ёсць тэлефон, навігацыя, пытаемся, што здарылася. Тады альбо высылаем іншы сродак, альбо арганізуем аб'езды".

Аператыўную інфармацыю пра змены ў маршрутах бягучым радком перадаюць электронныя табло на прыпынках. На гэтых жа «разумных экранах» можна ўбачыць, колькі засталося чакаць наступнага аўтобуса ці тралейбуса. Інфармацыя ў рэальным часе апрацоўваецца, дзякуючы адзінай навігацыйнай сістэме.

Андрэй Озераў, начальнік упраўлення аўтаматызаваных сістэм ДП «Мінсктранс»: "У кожным транспартным сродку - навігацыйна-сувязны тэрмінал, на які папярэдне загружаецца расклад руху транспарту. І які, пасродкам пазнак GPS, атрымлівае інфу аб праходжанні кантрольных кропак. На ім інфармацыя аб руху транспарту па раскладзе вадзіцелю адлюстроўваецца плюс паказваецца час апярэджання альбо адставання".

Даныя пра месцазнаходжанне транспартнага сродку навігатар перадае на спецыяльны сервер. Адтуль звесткі і трапляюць на інфармацыйныя экраны – для зручнасці пасажыраў.

А сёлета колькасць такіх гаджэтаў у сталіцы павялічыцца амаль што ўдвая. У першую чаргу такія электронныя падказкі з'яўляюцца ў буйных перасадачных вузлах. Напрыклад, на прыпынках ля выхадаў з падземнага транспарту. У прыярытэце таксама і галоўныя магістралі сталіцы. Гэта праспекты Незалежнасці і Пераможцаў. Там размяшчаюць святлодыёдныя ўстройствы з мультымедыйнай картай. Электронныя інфарматары да лета ўсталююць і на ўсіх прыпынках па вуліцы Прытыцкага, а таксама праспектах Дзяржынскага і Партызанскім.

Іван Жук, намеснік гендырэктара ДП «Мінсктранс»: "У цяперашні час каля 170 электронных табло. Яшчэ парадку 70 прыпынкаў плануецца ў першым паўгоддзі абсталяваць. Месца размяшчэння таго або іншага электроннага табло выбіраецца ў залежнасці ад пасажырапатоку на тым або іншым прыпынку".

Зараз спецыялісты Мінсктранса працуюць і над удасканаленнем сістэмы «электронны гід». У хуткім часе інфармацыя аб магчымых перасадках, прагноз надвор'я і іншыя карысныя звесткі з'явіцца ва ўсіх аўтобусах нумар адзін і сто, а таксама на некалькіх тралейбусных маршрутах.