Калі ж цяпло прыйдзе ў кожную кватэру?

2 октября 2013

Сярэдняя тэмпература паветра ўжо сёмыя суткі не перавышае 8 градусаў. У дзіцячых садках, школах і бальніцах ужо пацяплела. А вось батарэі ў многіх дамах і кватэрах беларусаў дагэтуль халодныя. Сітуацыя парадаксальная: Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі яшчэ ў мінулую пятніцу разаслала па абласцях рэкамендацыі ўключыць ацяпленне. Але выканкамы, якія даюць каманду на месцах, робяць гэта не спяшаючыся. Чаму гэтай восенню абяцанага чакаюць тыднямі?


У сітуацыі разбіраўся наш карэспандэнт Аляксандр Харавец.


Пытанне з цяплом у дамах і кватэрах беларусаў сёлета паўстала як ніколі востра. Такі халодны верасень у Беларусі бывае раз на дзесяць гадоў. Бабінага лета ў кастрычніку, згодна з прагнозамі сіноптыкаў, таксама не прыходзіцца чакаць. Градус будзе толькі паніжацца. Таму рашэнне быць цяплу ў дзіцячых садах, школах, бальніцах і музеях камунальшчыкі прынялі яшчэ ў мінулую пятніцу.


Цяплей за ўсё жыхарам Магілёўскай вобласці. Там да ацяплення ўжо падключылі больш чым 98 працэнтаў жылога фонду. Па 60 - у Віцебскай і Гродзенскай. У Брэсцкім, Гомельскім і Мінскім рэгіёнах грэць батарэі сталі сёння. Па словах камунальшчыкаў, адкрыць вентыль і цэнтралізавана падаць цяпло па ўсёй краіне ў адзін дзень тэарэтычна можна. Аднак на практыцы людзі ратуюцца ад холаду пры дапамозе абагравальнікаў, цёплых рэчаў і гарачай гарбаты.


Паводле зводак сталічных ЖЭСаў, да ацяплення падключылі ўсе навучальныя ўстановы Мінска. Аднак без цяпла дагэтуль застаюцца чатыры школы і дзіцячы прытулак. Прычына - прарыў цепласетак. Хаця ва ўсіх аб'ектах адукацыі камунальшчыкі праверылі сістэмы ацяплення і здалі пашпарты гатоўнасці і яшчэ напачатку верасня.


Такая ж сітуацыя і ў пасёлку Гатава Мінскага раёна. Мала таго, што ў дамах холад, дык яшчэ і гарачай вады няма - тут таксама сур'ёзныя непаладкі на цеплатрасе. Такімі надзвычайнымі здарэннямі мясцовыя ўлады дыскрэдытуюць і псуюць імідж усёй ЖКГ краіны. І выклікаюць нараканні з боку жыхароў.


Сагрэцца можна хіба што ў лазні. Але і тут пары паддаць не атрымаецца. Напрыклад, у лазнева-аздараўленчым комплексе ў Малінаўцы горача толькі ў саўне. Выходзячы ў прылазнік, людзі адразу захутваюцца ў махровыя прасціны.


Адзіны, хто не скардзіцца сёння на нізкі градус, - мядзведзь Трыстан у сталічным заапарку. Касалапаму такое надвор'е ў самы раз, ён ахвотна пазіруе перад камерай і пакуль не збіраецца ўпадаць у зімовую спячку.


Каго сапраўды не палохаюць ніякія халады, дык гэта насельнікаў тэрарыума. Змеі, яшчаркі, павукі ўтрымліваюцца ў пастаянным цяпле і святле. Тэмпература тут не апускаецца ніжэй за 25 градусаў.


Што да канчатковага прыходу цяпла ў дамы і кватэры беларусаў, то камунальшчыкі абяцаюць даць яго да пятніцы, пасля чаго гарачымі батарэі стануць у офісах і на прадпрыемствах.