Калі ў Сцяпянцы вада стане пітной?

23 июня 2015

Жоўтая ці рудая з асадкам. Вада ў сталічным мікрараёне Сцяпянка часцей бывае яркіх адценняў, чым празрыстай.  З такой праблемай мінчане жывуць пяць гадоў. Спецыялісты тлумачаць, што брудная вада трапляе ў кватэры з-за старых труб. І ўсе спробы  Мінскводаканала і ЖЭСаў ачысціць водаправодныя сеткі  безвыніковыя. Калі ж нарэшце ў Сцяпянцы вада стане пітной? Высвятляла Аляксандра Драгун.

 

Вада без пяску з крана ідзе нячаста. У асноўным, калі саміх гаспадароў няма дома. У другой жа палове дня перш, чым купаць дзіця Кацярыне Лебедзевай трэба правесці традыцыйны рытуал – набраць і спусціць тры разы поўную ванну вады.

Маладая сям’я пачала звяртаць увагу на якасць вады як толькі нарадзіўся сын Ягор. Заўважылі, што на белай паверхні  ванны з’явіліся жоўтыя разводы.

Назапашваюць вадкасць як доказ, што з крана ідзе не пітная вада, а з высокім утрыманнем прыроднага жалеза. Чакаць празрыстую можна і суткі. Амаль штодня з дзевяці да адзіннаццаці вечара ўвогуле ідзе жоўтая з іржавым асадкам.

Для ежы выкарыстоўваюць выключна  ваду ў бутэльках. На дзень сям’і з трох чалавек патрэбна шэсць літраў. Такая ж праблема і ў суседзяў па лесвічнай пляцоўцы,  і ўвогуле ва ўсіх жыхароў  мікрараёна Сцяпянка.

Раней на тэрыторыі мікрараёна быў ваенны гарадок. Сёння ў Сцяпянцы навокал  новабудоўлі, але сістэма водазабеспячэння засталася былой - аднатрубнай і толькі ў адзін бок тупіковай. Адсюль  і праблемы з якасцю вады. 

Міхаіл Шчурко, начальнік вытворчасці “Мінскводаправод”:  "Сеткі па Сцяпянцы старыя і  зношаныя, дзесьці  адбываецца звужэнне дыяметраў у гэтым мікрараёне. Таму трубаправод будзе пракладвацца з  павелічэннем дыяметра".

Да 6 ліпеня плануюць пашырыць трубы  ад вуліцы Ваупшасава да Геалагічнай. Гэта часткова выправіць сітуацыю. 

Службы Мінскводаканала ачышчаюць ваду да падачы ў дамы мікрараёна, а ЖЭСы – на шляху да кватэр.

У адміністрацыі Партызанскага раёна паабяцалі за год  праблему вырашыць. Замена камунікацый патрабуе часу.  Жыхары гатовы пачакаць,  каб, нарэшце, з кранаў пайшла толькі празрыстая вада.