Калі ўраджай аказаўся непатрэбным

23 ноября 2016

Рэзананснымі для жыхароў Беларусі сталі адразу некалькі выпадкаў, калі цэлыя бульбяныя палі пушчаны пад колы бульдозераў. Такі факт зафіксаваны ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці. Кіраўніцтва СВК не знайшло нічога лепшага, як пазбавіцца ад лішняга ўраджаю. Сваю адмову ўбіраць яго абгрунтавалі эканамічнай немэтазгоднасцю. Маўляў, нарыхтавана дастаткова. Змёрзлы ў полі ўраджай бульбы выяўлены і ў Магілёўскім раёне. Што гэта - абуральная безгаспадарчасць або новыя тэхналогіі яго захоўвання. Разбіраўся Андрэй Ястрабаў.

Гэта поле з бульбай усяго за некалькі метраў ад вёскі. Мясцовыя жыхары перажываюць - прападае дабро. Добра б гаворка ішла пра кілаграмы, а то пра тоны змёрзлага ўраджаю.

Андрэй Карсакоў гаворыць, такую карціну напярэдадні зімы ўбачыць не чакаў. Сякерай літаральна рассякае змёрзлую баразну - на паверхні кілаграмовыя кісці з бульбай. Сельгаспрадпрыемства "Кадзіна" пакінула цэлае поле.

Людзі гавораць - шкада. Бульба, як сняжкі, растае ў руках ад цяпла. Дырэктар СВК прызнаецца, што пасеялі позна, а потым і ўбіраць не сталі.

Аказалася, па тых жа прычынах сёлета тут спісалі ўраджай з 24 гектараў зямлі. Вырашылі, што ўбіраць немэтазгодна. Зрабілі ўпор на рэнтабельныя цыбулю і бурак. Стабфонд запоўнілі на 100 %. Таму і поле кінулі.

У Чэрвеньскім раёне бульбу таксама не ўбралі, але поле не кінулі. Усе 40 гектараў перааралі разам з ураджаем.

Дзяніс Галавароў, начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці: "Разлікі сведчаць аб тым, што гэта каля 700 тон бульбы. І гэта істотныя страты. Рэалізаваўшы дадзены аб'ём бульбы, можна было б зарабіць 130 тысяч рублёў. Зараз па гэтым факце матэрыялы перададзены ў праваахоўныя органы, а таксама праінфармаваны мясцовыя ўлады для прыняцця адпаведных мер рэагавання".

Праваахоўнікам зараз трэба будзе даць ацэнку безгаспадарчасці ў СВК.