Калі ліфт становіцца перашкодай. Як жыхарка Мінска, інвалід-калясачнік, ледзь не пазбавілася магчымасці спускацца на вуліцу

29 октября 2019

Калі нават ліфт становіцца перашкодай. Жыхарка мінскай шматпавярхоўкі, інвалід-калясачнік, на працягу трох месяцаў не мела магчымасці спусціцца з дванаццатага паверха пасля замены ліфтаў: памеры новых кабін не дазвалялі праехаць унутр на калясцы. Як высветлілася, з такой жа праблемай сутыкнуліся каля дванаццаці тысяч беларусаў.

Мікіта Дзяменцьеў разбіраўся ў безбар'ерным пытанні. Таццяна Лапко жыве на 12-м паверсе сталічнага дома і ўжо 20 гадоў перамяшчаецца на калясцы. Карыстацца лІфтам для яе - задача няпростая, але да "старажыла" ў сваёй шматпавярхоўцы прыстасавалася.

Аднак планавы капрамонт дома і замена ліфта ледзь не перакрэслілі магчымасць Таццяны самастойна выходзіць на вуліцу. Уся справа ў тым, што, паводле дакументаў, новы ліфт большы, а па факце чалавек на калясцы ў яго не ўмесціцца.
Вось толькі ўціснуцца пры ўсім жаданні ў Таццяны не атрымлівалася. Пачаліся перапіскі з рознымі інстанцыямі, якія адказваюць за абнаўленне пад'ёмнай канструкцыі. Аднак акрамя стосу лістоў і страчанага часу, наша гераіня наўзамен нічога не атрымала. У выніку Таццяна звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю. Спецыялісты выехалі на месца і высветлілі, што пашырыць шахту рэальна. Прычым без асаблівых часавых і грашовых выдаткаў. Усё, што патрабавалася, - пашырыць на 5 сантыметраў праём дзвярэй.

Сёння толькі ў сталіцы пражываюць больш за 12 000 інвалідаў-калясачнікаў. І не ва ўсіх кватэры на першых паверхах. А ў пяціпавярхоўках, паводле нарматываў, наогул ліфт не прадугледжаны. Зрэшты, гэтую практыку ў найбліжэйшы час збіраюцца змяніць.

Дарэчы, толькі сёлета ў сталіцы замянілі амаль 3 000 ліфтаў у шматпавярхоўках. У наступным годзе плануюць не менш. Пры гэтым праекціроўшчыкі абяцаюць змяніць падыходы да рэканструкцыі ліфтавых шахт у дамах, у якіх запланаваны капрамонт. Каб выпадак Таццяны Лапко стаў выключэннем з правіл. Акрамя таго, неўзабаве ўвядуць і новыя стандарты для яшчэ больш бяспечнага перамяшчэння па горадзе людзей з абмежаванымі магчымасцямі.