Кавярні Мінскай вобласці становяцца больш самабытнымі

13 мая 2015

Беларуская ўтульнасць і стравы нацыянальнай кухні. Кавярні Мінскай вобласці становяцца больш самабытнымі. У дызайне - сельскія матывы і элементы народнага побыту. Што наконт меню, паводле беларускіх рэцэптаў гатуюць да 90% страў. Агародніну і садавіну нарыхтоўвае спажыўкааперацыя вобласці. Напрыклад, у Лагойску летась прынялі ад насельніцтва 32 тоны грыбоў. Аляксандра Драгун прадоўжыць.

Даспехі ў багажы, залатыя медалі ў руках... Зборная Расіі па ваенна-гістарычным фехтаванні вяртаецца з міжнароднага фестывалю з перамогай. На шляху з Чэхіі да Санкт-Пецярбурга прыпыніліся ў Лагойскім раёне, каб падсілкавацца і адпачыць. Зручна, ля дарогі - адразу кавярня.

Якія стравы найбольш даспадобы беларускім і замежным гасцям, ведае Людміла Варанкевіч. Шэф-повар працуе ў прыдарожным сэрвісе больш за дзесяць гадоў.

Галоўная страва гэтага прыдарожнага кафэ - “Мяса па-партызанску”. Акрамя гэтага гатуюць 4 віды шашлыкоў і смажаць барбекю.

Пяць гадоў таму кафэ пашырыла спіс паслуг. У выхадныя мясцовыя жыхары прыязджаюць сюды адпачыць.

Акрамя сытнага абеду прапаноўваюць адпачыць сярод маляўнічых пейзажаў. На тэрыторыі кавярні ёсць гасцявы дом на 8 чалавек, лазня і альтанкі з мангаламі. Суткі тут будуць каштаваць крыху больш за мільён рублёў.

Асноўнае, чым частуюць гасцей, нарыхтоўвае Лагойская спажыўкааперацыя. Грыбы, ягады, гародніна... Толькі летась нарыхтоўчыя пункты прынялі ад насельніцтва 32 тоны грыбоў.

Сёлета разлічваюць атрымаць не менш. Лішкі пастаўляюць у сталічныя пункты грамадскага харчавання.

Некалі на месцы гэтай сталічнай кавярні была звычайная сталовая, затым сюды прыходзілі выключна, каб адведаць чабурэкаў. Інтэр’ер і меню аднавілі да свята Перамогі. На сталах у форме бочак ільняныя сурвэткі, а на сценах - элементы народнага побыту. Гасцей частуюць беларускімі самабытнымі стравамі.

Бадай, адзінае, што захавалася ад ранейшага меню, - чабурэкі. Сакрэт іх прыгатавання тут беражліва захоўваюць. Такіх кафэ з акцэнтам на беларускую кухню і аўтэнтыку ў Мінскай вобласці 8. У планах прадпрыемстваў спажыўкааперацыі адкрыць яшчэ некалькі.