Да Дня горада ў Мінску адкрыты яшчэ адзін дзіцячы сад

11 сентября 2019

Сацыяльны аб’ект для новага мікрараёна. Да Дня горада ў Мінску адкрыты яшчэ адзін дзіцячы сад - на вуліцы Аэрадромнай. Для развіцця дзяцей прадугледжаны ўсе ўмовы - музычная і спартыўная залы, гарадок для вывучэння правіл дарожнага руху і басейн. 

Якія заняткі чакаюць дашкольнікаў у новым будынку - ведае наш карэспандэнт Аляксандра Кавеліч.

Гэты яркі будынак сёння напоўніўся дзіцячымі галасамі. Першых выхаванцаў прымае дзіцячы садок на сталічнай вуліцы Аэрадромнай. Побач імкліва разрастаецца новы вялікі мікрараён, таму пабудавалі аб'ект вельмі хутка - усяго за год. 

Разнастайныя гульнявыя комплексы, якія размясціліся па ўсёй тэрыторыі, з самай раніцы апрабавалі маленькія наведвальнікі. У дзіцячым садку з сімвалічнай назвай "Свет на далоньцы" змогуць вучыцца і адпачываць 230 малышоў. 

На трох паверхах - усё для творчага і спартыўнага развіцця. Басейн, фізкультурная і музычная залы. А таксама камп'ютарны клас, дзе пройдуць заняткі з прыстаўкай ІТ. 

Тут жа арганізуюць групы кароткачасовага знаходжання, а таксама адаптацыйныя, каб самыя малодшыя маглі хутка прывыкнуць да новай абстаноўкі. Дарэчы, побач з новым дзіцячым садам хутка пачнуць будаўніцтва яшчэ аднаго. 

Новыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры зараз чакаюць амаль ва ўсіх раёнах сталіцы. Каб вырашыць гэтае пытанне, на карце горада ў найбліжэйшыя 4 гады з'явіцца яшчэ 2 дзясяткі дзіцячых садкоў. Яны прымуць больш за 4 тысячы малышоў.