Клініка, якую бацькі называюць выратаваннем для сваіх малых

7 Жніўня 2015

Сёлета Беларусь увайшла ў тройку краін з найменшым паказчыкам дзіцячай смяротнасці. Абысці нас у гэтым пытанні атрымалася толькі Манака і Германіі. Больш за тое, толькі за 2014-ы нашы медыкі выратавалі 82% дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела - а гэта малыя, якія пры нараджэнні важылі менш за кілаграм. Гэтыя дадзеныя, зыходзячы з крытэрыяў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, з'яўляюцца паказчыкам, які вызначае не толькі ўзровень развіцця медыцыны ў краіне, але і ўзровень сацыяльна-эканамічнага дабрабыту. 

І дасягнулі гэтага беларускія ўрачы ўсяго за 2 дзесяцігоддзі. Менавіта гэты па гістарычных мерках невялікі прамежак часу аналізуюць карэспандэнты Агенцтва тэленавін. Вытворчасці з сусветнай славай, навуковыя адкрыцці, знакамітыя спартыўныя пляцоўкі і помнікі архітэктуры - усё гэта ў новым цыкле "Мы зрабілі гэта разам"

Сёння ў рамках цыкла - рэпартаж аб клініцы, якую самі бацькі называюць выратаваннем для сваіх малых, - Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця".

Яраслаў і Арыша сёння адно з адным дзеляцца ўсім. Хоць яшчэ некалькі гадоў таму не маглі падзяліць месца ў мамчыным жываце - яны двайняткі. На прагулцы ў свае 2,5 года хлопчык, як і патрэбна ў яго ўзросце, усе аўтамабілі, прыпаркаваныя ў двары, вывучае навобмацак. Яго сястрычка, як сапраўдная дзяўчынка, танцуе, пакуль як умее. Зразумець па дзецях, хто з іх старэйшы, фактычна немагчыма, яно і нядзіўна - розніца ў іх усяго 1 хвіліна.

Ужо зараз, гледзячы на дзяцей, іх бацькі Марына і Максім Канавалавы з цяжкасцю успамінаюць тую сапраўды страшную ноч, калі на свет з'явіліся іх малыя.

Ужо пасля ў цяжкім стане - а дзеці нават самастойна не дыхалі - з бальніцы, у якой яны нарадзіліся, малых прывезлі ў самую вялікую рэанімацыю ў краіне - у цэнтр "Маці і дзіця". Адначасова тут могуць лячыцца адразу 30 немаўлятаў, ёсць самае сучаснае абсталяванне і, што самае галоўнае, спецыялісты, якія сёння выходжваюць малых вагой нават усяго 500 грамаў. А яшчэ некалькі гадоў таму ратаваць такіх дзетак медыкі нават не браліся.

Цэнтр з'явіўся ў 2004-м. Па сутнасці, "Маці і дзіця" - гэта вынік зліцця адразу трох устаноў - Навукова-даследчага інстытута аховы мацярынства і дзяцінства, Інстытута генетыкі і 7-й клінічнай бальніцы, якая спецыялізавалася на аказанні дапамогі, у тым ліку, неданошаным дзецям. Новыя карпусы тут не будавалі - рэканструявалі ўжо існуючыя за кошт дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.

Алена Улезка, намеснік дырэктара па педыятрыі ДУ РНПЦ "Маці і дзіця": "Прарывам была арганізацыя вось гэтага цэнтра. Рэспубліканскага навукова-практычнага, дзе была злітая практыка і навука рэспублікі ў галіне аховы мацярынства і дзяцінства. Што дазваляе адсочваць праблемных жанчын на ранніх этапах іх цяжарнасці, складаныя выпадкі шпіталізаваць у цэнтр вось гэтага 4-га ўзроўню і такім чынам максімальна палепшыць наогул працу гэтай службы ўсёй".

Хоць цэнтр і знаходзіцца ў сталіцы, пацыенты - жанчыны з ускладненай цяжарнасцю з усёй краіны. Калі выпадак цяжкі, па будучую маці адправіцца спецыяльны рэанімабіль. Больш за тое, ужо ў 2009-м яшчэ адзін прарыў, прычым, не толькі для цэнтра - для краіны ў цэлым: медыкі праводзяць аперацыю дзіцяці, якое і зусім яшчэ знаходзіцца ў мамы ў жывоціку.

Тут маці становяцца нават пры самых мінімальных шанцах. У аддзяленні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій першае ЭКО правялі ў 2007-м. Прычым, гэта было першае штучнае апладненне па дзяржаўных расцэнках. Аплата тут і дагэтуль значна ніжэйшая за камерцыйныя клінікі. Такім чынам, рашэнне, здавалася б, асабліва жаночай праблемы стала справай дзяржаўнай.

А ўжо хутка гэты працэнт можа павялічыцца. Зараз тут працуюць над новай методыкай - замарожванне яйкаклетак. Таксама не выключана, што ў найбліжэйшы час у цэнтры з'явіцца і яшчэ адна рэанімацыя. А гэта яшчэ сотні і нават тысячы выратаваных маленькіх жыццяў.