Кляшчы ўжо адправілі да дактароў каля тысячы беларусаў

20 мая 2015

І толькі ў сталіцы эпідэміёлагі выявілі 12 ачагоў пражывання гэтых крывапіўцаў. Два месяцы санітарныя службы даследавалі зялёныя зоны горада - ад сквераў да прыгарадных лясоў. У выніку з’явілася так званая карта пасялення кляшчоў.

У якіх месцах перасцярога не перашкодзіць - даведалася Паліна Іванча.

Самы вялікі клешч, з якім была праведзеная экспертыза ў сталічнай мікрабіялагічнай лабараторыі, ледзь не перавысіў памер фасолевага зерня. Гэтыя ўзоры на тэсціраванне прынеслі раніцай, ужо літаральна праз 4 гадзіны стане вядома, наколькі небяспечны быў іх укус.

Марына Кокарава, выконваючая абавязкі загадчыцы аддзялення паразіталогіі мікрабіялагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: "Бывае на даследаванні 20 кляшчоў, і з іх 4-5 станоўчых выпадкаў, а бывае 100 і з іх адзін станоўчы, гэта значыць у кляшчу мы знайшлі ўзбуджальнікі Лайм-барэліёза. Часцей за ўсё гэта залежыць, на якой тэрыторыі знаходзіўся чалавек, да якога прысмактаўся клешч".

Сёлета кляшчы ў Беларусі прачнуліся яшчэ ў трэцяй дэкадзе лютага. Менавіта тады медыкі зарэгістравалі першыя адзінкавыя ўкусы. З пачатку 2015-га гэтыя крывапіўцы ўжо адправілі да дактароў 974 чалавекі, з іх прыкладна трэцяя частка - дзеці. Тым не менш, лічбы амаль у два разы ніжэйшыя за тыя, якія фіксавалі летась.

Красавік для сталічных эпідэміёлагаў пачаўся са штодзённага маніторынгу зялёных зон горада. Як вынік - з’явілася так званая карта пасялення кляшчоў. Дык вось у Мінску выявілі 12 ачагоў. Вынікі даследаванняў таксама паказалі, што сёлета гэтых павукападобных стала больш амаль у тры разы ў параўнанні з маем 2014-га.

Цэнтральныя паркі Мінска з каротка стрыжанымі газонамі і параўнальна негустой кронай дрэў, сцвярджаюць эпідэміёлагі, свабодныя ад кляшчоў. А вось зялёныя зоны на перыферыі горада, якія пераходзяць у прыгарадныя лясы, могуць быць небяспечныя. Сёлета з укусамі кляшчоў у сталічнай дзіцячай інфекцыйнай бальніцы пабывалі 12 маленькіх беларусаў. Ні ў аднаго з іх, як і за ўвесь 2014-ы, клешчавага энцэфаліту не знайшлі.

Тамара Лісіцкая, намеснік галоўнага ўрача Мінскай гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы: "Пасля агляду ўрача агульнапрынятая тактыка прызначэння антыбіётыка-прафілактыкі і экстраннай прафілактыкі Лайм-барэліёза на працягу 72 гадзін ад моманту ўкусу кляшча. Урач прызначае антыбактэрыйныя прэпараты, у тым ліку, у Беларусі маюцца ў наяўнасці ўсе неабходныя антыбактэрыйныя прэпараты беларускай вытворчасці".

Вакцыны супраць хваробы Лайма пакуль няма ні ў адной краіне свету. Што ж датычыцца клешчавага энцэфаліту, то такую прышчэпку кожны год робіць некалькі сотняў мінчан. У гэтым сезоне з’явілася магчымасць прышчапіць і дзяцей. Гэта можна рабіць ужо на 13-ым месяцы жыцця малога, а імунітэт супраць вірусу захоўваецца на працягу трох гадоў.