Кінастудыя "Беларусьфільм" запусціла здымкі фільма "Не гульня"

20 сентября 2017

А зараз аб праекце "Беларусьфільма". Нацыянальная кінастудыя запусціла здымкі новага фільма "Не гульня". Кінастужку пра беларускую армію здымаюць у натурных дэкарацыях: Курган Славы, "Лінія Сталіна", воінская часць ў Пячах і іншыя. Часткай кадра сталі і палігоны вучэнняў "Захад-2017". Акцёры нашы, пры гэтым галоўныя ролі дасталіся маладым выканаўцам. На кіношным зборы юных прызыўнікоў пабывала і Вольга Мядзведзь.

Танк Т-26 прыпаркавалі ў сталярнай майстэрні “Беларусьфільма”. Баявую машыну 30-х гадоў мінулага стагоддзя стварылі ў цэхах спецыяльна да новага фільма "Не гульня" рэжысёра Дзяніса Скварцова ў маштабе адзін да аднаго. Браневікі гэтай мадэлі практычна не захаваліся, у свеце засталіся адзінкі. Т-26 з дрэва сабралі за 40 дзён па малюнках і макеце танка памерам з далонь. У адным з эпізодаў машыну фальшыва затопяць і будуць даставаць з вадаёма на комплексе “Лінія Сталіна”.

Поўнаметражны фільм распавядае пра маладога праграміста, які ідзе у армію, каб для стварэння камп'ютарнай гульні лепш даведацца пра ваенныя парадкі і баявую тэхніку. У стужцы "Не гульня" задзейнічаюць сапраўдную артылерыю. Пасля завяршэння вучэнняў "Захад-2017" ваенных зменяць кіношнікі. На палігонах здымуць танкавыя баі і перастрэлкі.

Павел Паўлюць, выканаўца галоўнай ролі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: "У фільме будзе некалькі экстрэмальных сцэн, але я думаю, што амаль ва ўсіх сцэнах будуць працаваць дублёры. Я думаю, што буду здымацца толькі ў сцэне, дзе трэба будзе класціся пад танк, але ў прынцыпе, наколькі я ведаю, гэта праходзяць усе танкісты, якія паступаюць на службу. Усе яны гэта робяць, таму і я гэта зраблю".

Фільм будзе піратэхнічна насычаным. Акрамя выбухаў і перастрэлак па сюжэце плануюць спаліць зусім не бутафорскую электрычку. Для гэтых здымак каманда адправіцца ў Лунінец. Самым масавым днём стане цырымонія прыняцця ваеннай прысягі - на пляцоўцы больш за пяць соцень чалавек.

Новая кінастужка прысвечана юбілею Узброеных Сіл нашай краіны. Таму актыўны ўдзел у арганізацыі здымак прымае Міністэрства абароны Беларусі. Напрыклад, на пляцоўцы сярод масоўкі сапраўдны ваенны аркестр. Ужо вядомая і дата выхаду фільма - 23 лютага ў Дзень абаронцы Айчыны.