"Хронікі Мінскага гета" захаваюць у анімацыі

10 февраля 2020
"Беларусьфільм"  сумесна з піцерскімі калегамі  рыхтуе дакументальную мультыплікацыю аб падзеях халакосту. Дарэчы, ініцыяваў стварэнне такой стужкі расійскі бок. Гэта першы сумесны прадукт нашай нацыянальнай кінастудыі і "Ленфільма". Падтрымлівае стварэнне карціны і Еўраазіяцкі яўрэйскі кангрэс. Персанажаў малююць у прасторах студыі анімацыйных фільмаў. Які гістарычны факт лёг у аснову сюжэту,  і колькі каштуе нестандартная стужка на 26 хвілін? Першыя кадры - у рэпартажы Лідзіі Заблоцкай. 

У кабінетах "Беларусьфільма" ўручную перамалёўваюць дэталі хронік Мінскага гета

Для анімацыйнага праекта "263 ночы" ўжо накрэслены рэжысёрскі планёр у 170 сцэн. Мастакі дбайна вывучаюць гратаж - дзіцячае працарапванне па воску. 
Інга Карашкевіч, мастак Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм":
"Мы, вядома, абапіраемся на гістарычныя дакументы, фатаграфіі. Глядзім, што трэба,  узнавіць выяву, і як апранутыя былі людзі ў той час, і ваенная форма, каб усё гэта адпавядала".

Калі ў вобраз усё ж трапляюць, малюнкі сканіруюць, рэжуць віртуальнымі нажніцам і ажыўляюць. Гэта ўжо справа рук аніматара - камп'ютарная перакладка. Так, адухатварылі ўвесь манахромны шкілет мультфільма. 
Гэта раскадроўка нашай дакументальнай часткі. Вось пачатак фільма, дзе мы пакажам дом, дзе ўсё гэта адбывалася, у склепе якога яны хаваліся, а тут - канец фільма. Як раз Ізраіль і інтэрв'ю з выжыўшым.  А ніжэй у нас знаходзяцца ўсе персанажы.  Асноўныя - гэта Пінхус Добін і Элю Даберман.

Асноўныя персанажы -  гэта Пінхус Добін і Элю Даберман

Магчыма, вам знаёмыя гэтыя імёны. Абодва выратавалі 13 жыццяў вязняў гета. У кастрычніку 1943 года стварылі сховішча прама ў эпіцэнтры падзей, пад домам, які стаіць дагэтуль  на вуліцы Сухой у Мінску. Усе 263 дні  26 чалавек хаваліся ад нямецкіх салдат. 13  памёрла проста пад зямлёй. Іх затаплівала, праходы завальвала цэглай. 
Эпізод зафіксаваны ў серыі фільмаў "Хроніка Мінскага гета". Сёлета дакументальны праект адзначылі спецпрэміяй Прэзідэнта Беларусі. Сюжэтам зацікавіліся кінематаграфісты "Ленфільма". Яны і прапанавалі ўзяць яго за аснову анімацыі. Дадалі яшчэ больш пэўных падзей.

Дзмітрый Бродскі, прадзюсар праекта "263 ночы" (Расія): "Усё-такі  гэта найрэдкая гісторыя з амаль шчаслівым канцом. Таму што хтосьці выжыў. І, дзякуючы Савецкай арміі, якая вызваляла Мінск, савецкія войны проста выцягвалі тых, хто застаўся ў жывых, з гэтага падзямелля".

Аднаго з іх убачым у эпілогу новай стужкі. Піцерскія калегі адправяцца ў Ізраіль. Успаміны - у інтэрв'ю з Яхімам Гімельштэйнам, самым малодшым з падзямелля. 
Ад прататыпа яго героя і будзе весціся маналог у мультфільме. У намаляваных персанажаў - ніякіх дыялогаў, толькі эмацыйныя охі і выкрыкі. Прачытаюць увесь сцэнарый на рускай, чакаецца пераклад на англійскую і іўрыт. Не забылі і пра музычнае начынне - над ім ужо працуе ізраільскі кампазітар. 

Гісторыя аб выпадку ў Мінскім гета атрымае нестандартны для анімацыі "Беларусьфільма" хронаметраж - гэта 26 хвілін

Кошт праекта таксама рэкордны - 430 тысяч беларускіх рублёў. Ужо летам  да беларускіх аніматараў далучацца  расійскія калегі. Яны будуць працаваць над дакументальнай часткай і разрэкламуюць наш мультфільм на ўсёй прасторы СНД.