Хрыстос уваскрэс! - Сапраўды ўваскрэс! гучыць сёння ва ўсіх праваслаўных храмах свету

5 мая 2013

Галоўнае хрысціянскае свята, Уваскрэсенне Хрыстова, прыйшло у кожны куток Беларусі. З Вялікаднем хрысціян павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


Святочныя Велікодныя набажэнствы пачаліся з ночы. Іх цэнтрам стаў Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе Светлую Велікодную ютрань і Боскую літургію адслужыў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт.

У гэтыя хвіліны ля храма за атмасферай свята сочыць наша здымачная група.

 


Расказвае Наталля Бардзілоўская:  Хрыстос уваскрэс! Сёння - гэта галоўнае прывітанне для ўсіх, хто імкнецца жыць па законах хрысціянства і хто хрышчоны ў праваслаўі! Дарэчы, у свеце такіх людзей больш за 300 мільёнаў чалавек, у большасці краін ёсць праваслаўныя канфесіі, прыходы, абшчыны. Што да Беларусі, нашай краіны, праваслаўная канфесія для нас самая традыцыйная і самая шматлікая. І гэта лепш за ўсё бачна ў вялікія праваслаўныя святы, такія, як сённяшні - Вялікдзень. Людзі ад малога да вялікага суцэльнай плынню з паўночы, раніцай, па гэты момант ідуць у храм.

Мы цяпер знаходзімся ля цэнтральнага храма Мінска - Свята-Духава кафедральнага сабора на Нямізе. Людзі прадаўжаюць прыбываць, каб асвяціць рытуальныя стравы, памаліцца і ўнесці свой голас у агульны хор праслаўлення ўваскрэшанага Хрыста!

Святочныя ўборы святароў, натхненыя твары вернікаў. На свечках - Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй. Расчыненыя Царскія дзверы. Усе праваслаўныя храмы сёння прыбраныя і шматлюдныя. Увесь дзень іх дзверы будуць адчынены, увесь дзень будуць ісці святочныя службы.

Дарога да гэтага свята пачынаецца задоўга да   Уваскрэсення.

Спачатку пост, як знак салідарнасці з Хрыстом, што 40 дзён цярпеў у пустыні. Пасля - Вербная нядзеля, калі галінамі сустракалі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Перадвелікодны тыдзень, Чысты чацвер,  Вялікая пятніца і распяцце Хрыста. Субота - пакланенне Труне Гасподняй. Каляндар перадвелікодных падзей стагоддзямі, тысячагоддзямі нязменны і ісці за ім ва ўсе часы імкнецца вялікая колькасць хрысціян.

Шлях ад посту да Вялікадня - гэта і шлях чалавека да Бога, і да самога сябе. Час унутранага ачышчэння і перамогі над сваімі слабасцямі, час добрых спраў.

Вялікдзень - свята духу і свята шчодрага стала. Сёння  разгавенне пасля посту і першае, чым частуюцца праваслаўныя - гэта асвячонае яйка. Атрыбут Вялікадня першай рымскаму імператару Тыберыю паднесла калісьці Марыя Магдалена. У знак Уваскрэсення Хрыста яйка стала чырвоным і з тых часоў традыцыйна чырвонага колеру. Хоць сучасныя праваслаўныя гаспадыні ператвараюць велікодныя яйкі ў сапраўдныя творы мастацтва.

Пасля наведвання храма людзі імкнуцца сабрацца разам з сябрамі, роднымі, блізкімі ў асяроддзі сям'і, за святочным сталом. Сёння ніхто не павінен быць забыты. Таму што за прыгожымі сімваламі ў Вялікадня ёсць галоўны сэнс: жыццё перамагае смерць, дабро перамагае зло, святло перамагае цемру.