Хрысціянскія святыні з Афона прыбылі ў Смілавічы

1 октября 2013

Другі год запар рэліквіі даступныя беларускім вернікам у храме Георгія Перамаганосца. Сёлета паломніцтва каўчэга з часцінкамі Крыжа Гасподняга, мошчаў святых і копіямі цудатворных абразоў запланавана па маршруце Пінск - Смілавічы - Сарочынск.


Расказвае Аляксандра Драгун. Каўчэг з рэліквіямі са святой гары Афон прыбыў у пасёлак Смілавічы. Для малітвы і пакланення беларускім хрысціянам даступныя часціцы Крыжа Гасподняга і мошчы некалькіх святых.


Адны з самых шануемых рэліквій у праваслаўным свеце другі год запар на беларускай зямлі. Сёлета з Грэцыі прывезлі і дзве копіі цудатворных абразоў - Божай Маці Усецарыца і велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Ахоўвае каштоўныя святыні айцец Сілуан, які прыехаў да нас з Афона.


Айцец Валяр'ян ужо трэці дзясятак настаяцель храма Георгія Перамаганосца ў Смілавічах. Кожны год імкнецца, каб святыні, якія ўшаноўвае ўвесь праваслаўны свет, сталі даступнымі для мясцовых хрысціян і вернікаў з суседніх прыходаў.


Дарэчы, прыход у Смілавічах названы ў гонар Георгія Перамаганосца. Да свайго апекуна праваслаўныя хрысціяне ставяцца з асаблівым хваляваннем. А дзівосную гісторыю абраза з Афона перадаюць з пакалення ў пакаленне.


Хрысціяне з пакаяннем і малітвамі ідуць да святых і шчыра просяць дапамогі ў нябесных заступнікаў.


Згодна са старажытным звычаем, на святую гару Афон дапускаюцца толькі мужчыны. Таму вось такія паломніцтвы рэліквій - унікальная магчымасць для супольнай малітвы ўсіх вернікаў. У храме святога Георгія Перамаганосца рэліквіі прабудуць два тыдні. Штодня да дзесяці вечара хрысціяне могуць памаліцца і прыкласціся да святыні. А пасля рэліквіі даставяць у Расію.