Храм, у якім хрысцілі бацьку Янкі Купалы, можа сысці з малатка!

8 апреля 2016

Былы Крыжаўзвіжанскі касцёл у горадзе Узда выстаўлены на электронны аўкцыён. Што само па сабе з'яўляецца парадаксальным, але, аказваецца, у савецкі час помнік драўлянага дойлідства 18 стагоддзя служыў раённым Домам культуры, фармальна якім застаецца дагэтуль. Колькі каштуе самы стары будынак Узды і маральныя аспекты куплі-продажу - у расследаванні Іны Пілевіч.

Танцы на касцях. Так груба гэтыя музычныя вечары празвалі з-за месца іх правядзення. Уздзенскі раённы дом культуры - у мінулым Крыжаўзвіжанскі касцёл. У падвальных памяшканнях - магільны склеп. Як і многія культавыя будынкі ў савецкі час храм быў перапрафіляваны пад забаўную ўстанову.

Андрэй Ярмольчык, гісторык-краязнавец: "У падвалах былі абсталяваныя магільныя скляпы графаў Завішаў. Але ў часы багаборніцкіх улад - гэта ў 35 годзе - магільныя скляпы былі ліквідаваныя".

Помнік архітэктуры ў стылі класіцызму. Яго пабудавалі ў 1798 годзе на сродкі генерала рускай арміі Казіміра Завішы. У розныя гады каталіцкі прыход наведвалі каларытныя постаці айчыннай гісторыі, сярод якіх мецэнатка Марыя Магдалена Радзівіл і сям'я паэта Янкі Купалы.

Сяргей Харэўскі, культуролаг, мастацтвазнавец: "Менавіта ў гэтым касцёле ў 1843 годзе быў хрышчаны Дамінік Луцэвіч, бацька народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэты дакумент ёсць".

З 56-га ў пазбаўленым рэлігійнай атрыбутыкі касцёл хадзілі не маліцца, а клубіцца. Тут праходзілі канцэрты, дзейнічалі творчыя секцыі. Дарэчы, да 2000-х будынак значыўся ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Аднак пасля пастановы Савета Міністраў дакумент быў адменены. Міністэрства культуры рэкамендавала аблвыканкаму зноў прааналізаваць збор помнікаў. Уздзенскі касцёл на разгляд не выносіўся. Гістарычная, мастацкая, дакументальная каштоўнасць не даказана.

Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі: "Адносна рэспубліканскага маштабу, наўрад ці. Але як аб'ект рэгіянальны - гэта значыць гісторыка-культурная каштоўнасць 3-й катэгорыі - цалкам магчыма. Разам з тым мы павінны ўлічваць нормы заканадаўства, якія гавораць пра тое, што статус гісторыка-культурнай каштоўнасці прыдаецца матэрыяльным аб'ектам аўтэнтычным, або адрэстаўраваным не менш чым на 90%".

У 2014 культурнае жыццё Узды пераехала ў новы Палац. Самы стары будынак горада застаўся без гаспадара. Над галоўнай славутасцю райцэнтра навісла пагроза разбурэння. Мясцовыя ўлады звярнуліся да каталіцкага і праваслаўнага прыходаў з прапановай забраць былы храм бязвыплатна і атрымалі адмову. Помнік класіцызму вырашана выставіць на электронны аўкцыён.

Алена Спірына, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама: "Бо ў мясцовым бюджэце такія грошы не прадугледжаны для рамонту і рэстаўрацыі гэтага будынка, мы былі вымушаныя выставіць яго на продаж. Таму што і ёсць законы, што будынкаў пустуючых не павінна быць. Яны ўсе павінны быць уцягнутыя ў гаспадарчы абарот. І дзеля выратавання будынка. У першую чаргу".