Храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы будуюць у Хатлянах

22 марта 2014
Год таму пажар бязлітасна знішчыў адзіную царкву. Гора з'яднала вернікаў, а шчырая малітва дала сілы для ўзвядзення новай святыні. Да хатлянскай трагедыі не засталіся абыякавымі праваслаўныя з іншых парафій.

Гісторыя нязломнай веры ў матэрыяле Аляксандры Драгун.


Складана ўявіць, але год таму на гэтым месцы было папялішча. Напярэдадні Божага Нараджэння святыня згарэла датла. Ад языкоў полымя ўратаваўся толькі падмурак. Ля яго і сабраліся вернікі на журботны малебен.

Пасля некалькіх тыдняў сумесна ўзяліся за аднаўленне святыні. Па рэлігійных канонах, попел ад спаленай царквы нельга вывозіць на сметнік, таму рэшткі выкарысталі для насцілу падлогі.

Хоць і рэканструкцыі храм не падлягаў, але ўзнавіць яго атрымаецца. У дапамогу будаўнікам - старажытныя праекты, якія захаваліся да нашага часу. Новая святыня стане дакладнай копіяй. Адзінае адрозненне будзе ў колеры купалаў.

Дапамога не прымусіла сябе доўга чакаць. Навіна аб хатлянскай трагедыі разнеслася за межы краіны. Вернікі з іншых парафій дапамагалі як справай, так і грашыма.


Выпрабаванне, якое выпала на плечы апекуна царквы, айца Віталя, адбілася на здароўі. Але малітва, падтрымка і дапамога неабыякавых людзей далі сілы несці крыж.

За мудрагелісты праект будынка ўзяліся тры браты. Яны ж і ўзвялі сцены для новага храма. Дарэчы, плошча святыні - 400 квадратаў.


На супольную службу пакуль збіраюцца ў будынку нядзельнай школы. Тут моляцца аб здароўі сваіх памочнікаў і просяць благаславення, каб хутчэй закончыць будаўніцтва.