Храм-помнік у гонар Усіх Святых цалкам адкрыўся для вернікаў

14 октября 2018

Сучаснік Беларусі і сведка ўмацавання незалежнасці дзяржавы. Менавіта так гавораць пра храм-помнік у гонар Усіх Святых, які з гэтай нядзелі цалкам адкрыўся для вернікаў. Мы бачым, як шмат вернікаў сабралася ўбачыць сваімі вачамі доўгачаканую падзею!

Для асвячэння галоўнага прастола храма абраная сімвалічная дата. Гэта свята Пакроў, звязанае з імем Прасвятой Багародзіцы, якую ўшаноўваюць як Апякунку Нябесную. І Дзень усіх маці, якія ахінаюць клопатам сваіх дзяцей. Цёплыя і сардэчныя віншаванні жанчынам Беларусі накіраваў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Гэта ўсё тое, што нас аб'ядноўвае. Велічны архітэктурны ансамбль упрыгожыў сталіцу Беларусі, а ідэяй памяці загінуўшых воінаў і ахвяр ліхалеццяў згуртаваў беларускі народ. Прычым не толькі праваслаўны, а розных канфесій. Алеся Высоцкая пра святыню, гісторыю яе стварэння і ролю дзяржавы ў яднанні вернікаў.

Храм-помнік ствараўся на вачах у цэлага пакалення беларусаў. Таму, хто нарадзіўся ў год закладкі першага каменя, сёння 27. Гэта дзяцінства, малалецтва, юнацтва. І выхаванне на вечных каштоўнасцях, у падмурку якіх - памяць.

Пра святую прыгажосць распавядае настаяцель Усіхсвяцкага прыходу Фёдар Поўны. Унутранае аздабленне храма - шэдэўр з беларускім нацыянальным каларытам.

Храм асаблівы ва ўсіх сэнсах. Больш за 10 000 драбнюткіх дэталяў са шкла і фаянсу злучыліся ў абразы - карціны, створаныя з душой і малітвай. Алтарная частка, вобразы Хрыста, Божай Маці, апосталаў - праца беларускіх майстроў мазаікі. Асобныя аўтарскія рашэнні проста не маюць аналагаў.

Абразы прыехалі з расійскага Палеха. Фоны чаканныя - ручная праца. Узоры браліся з абразоў XIV стагоддзя. Усе свяцільні, куфары, царкоўнае начынне з металу выканаў Аляксандр Турко, нясвіжскі майстар.

Над уваходам у храм - Маці Божая, якая раскрыла сваё пакрывала над усімі вернікамі. І невыпадкова ў гісторыі стварэння храма ўсе ключавыя падзеі адбыліся менавіта на Пакроў. Гісторыя ўзвядзення храма - прыклад партнёрскіх адносін дзяржавы і царквы.

Благаславенне на храм даваў яшчэ Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій Другі. Пазней тут яму ўзвялі помнік.

І ўжо праз некалькі гадоў беларускі лідар разам з закладкай капсулы з пасланнем нашчадкам даў сігнал нават скептыкам: свецкая і духоўная ўлады - разам.

У 2005 Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў і праект храма. І праз год разам з вернікамі і высокімі гасцямі з духавенства назіраў, як храм, пабудаваны на бюджэтныя грошы, атрымлівае званы.

Звон - гэта малітва ў гуку. Самы вялікі звон - пяць тон - падараваны храму ад Прэзідэнта. Гучней за званы, гавораць святары, гучыць толькі ўнутраная малітва чалавека.

Дзяржава і царква кожны на сваім месцы робяць агульную справу ў імя росквіту Беларусі. Рэальныя крокі для будаўніцтва цэркваў амаль побач з вернікамі - толькі адзін з прыкладаў.

Гэта - крыпта. Яна з'явілася восем гадоў таму ў ніжняй частцы храма. Пярэдадзень Дня Незалежнасці. 2010 год. Восем лепшых званароў б'юць у званы. Ідзе цырымонія пахавання астанкаў невядомых салдат. Войны: 1812 года, Першая і Другая сусветная. Апошні прытулак яны знайшлі на беларускай зямлі, і гэта толькі акцэнт у жыцці краіны, дзе не дзеляць па нацыянальнасцях і веры.

У 2015 тут, на прыступках храма, заспяваюць дзве тысячы чалавек ва ўнісон малітву за Беларусь. Міністры, дыпламаты і бізнесмены. Побач з імі і Кіраўнік дзяржавы з сынамі. Моляцца аб тых, хто цаной уласнага жыцця заваяваў Вялікую Перамогу і падарыў нам незалежнасць.

Сучаснікі прыходзяць сюды кожны са сваім унутраным маналогам. Шмат маладых бацькоў з дзецьмі. Гэта ўжо рыса нашага часу, у 90-я яшчэ ўсё было складана. Іх завуць храмавым пакаленнем. Усіхсвяцкія аднагодкі. Іх станаўленне часоў незалежнасці ў свеце і стабільнасці з духоўным адраджэннем.

Храм-помнік пабудаваны для згуртавання грамадства, каб і не даць памяці заснуць, і каб будучыя пакаленні вучыліся не на сваіх памылках, а былі мудрэйшымі. Таму да святыні, якая атрымала прапіску на беларускай зямлі, усе гэтыя гады асаблівая ўвага ад духавенства самага высокага ўзроўню.

Вялікае асвячэнне галоўнай храмавай прасторы - доўгачаканая падзея. Гэта значыць, дзверы зараз адчыненыя для ўсіх вернікаў.

Ля храма вернікаў, паломнікаў тысячы! І сёння не аднойчы яго назвалі новай апорай духоўнай моцы народа Беларусі.

Каб у шматлюдным патоку ўсе змаглі дакрануцца да свята, на тэрыторыі храма размясцілі экраны, на іх транслявалася набажэнства.

Духоўны агонь храма-помніка сімвалічна захоўвае нязгасная лампада ў крыпце. 504 нішы для зямлі з месцаў бітваў і трагедый, дзе пралілася кроў нашых суайчыннікаў, - гэта памяць з прыкладамі мужнасці, стойкасці. Храм-помнік прысвечаны ўсім святым як адлюстраванню святасці беларусаў у прыгажосці духоўнага подзвігу, усёй поўнасці царквы.

Распрацоўкай кожнай дэталі ў храме-помніку займаўся асабіста айцец Фёдар Поўны. Тое, над чым яшчэ кіпіць праца, - музей. Настаяцель марыць адкрыць яго для наведвальнікаў да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сімвалічна, Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі ўсклаў вянок да манумента Перамогі - агульнай не толькі для хрысціян святыні.

Дзяржава і царква адзіныя на шляху ўмацавання духоўнасці, галоўных маральных каштоўнасцяў, у цэнтры якіх сям'я, мір і любоў. Стварэнне такога велічнага храма - лепшае пацверджанне.