Хор Белтэлерадыёкампаніі даў канцэрт у Рэспубліканскім клінічным шпіталі імя Машэрава

7 мая 2014
З сеанса музычнай тэрапіі - рэпартаж Іны Пілевіч.

Карычневую чуму яна перамагла ў белым халаце. Вайна заспела фельчара Валянціну Сцяпанаўну Каспяровіч у 19 гадоў. У 40-ыя адважная дзяўчына выратавала не адзін дзясятак жыццяў, прайшла мабілізацыю і партызанскі рух. Сёння афіцэр запасу праходзіць лячэнне ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Машэрава, дзе і сустракае свой 69 Дзень Перамогі.

Лячыць ветэранаў песняй сёння ўзяўся хор Белтэлерадыёкампаніі. Працягласць сеанса - 50 хвілін, у якасці прэпарата - хіты ваенных гадоў. Напярэдадні Дня Перамогі артысты на розныя галасы расклалі Кацюшу, Смуглянку, Эх, дарогі.

Для хору Белтэлерадыёкампаніі гэта ўжо 3 дабрачынны канцэрт у сценах гэтага шпіталя. Тут праходзяць рэабілітацыю больш за 7 соцень чалавек. Гэта не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, але працаўнікі тылу, малалетнія вязні, воіны-інтэрнацыяналісты, удзельнікі ліквідацыі на Чарнобыльскай АЭС.

Канцэрты ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі імя Машэрава сталі ўжо паўнацэннай тэрапіяй. Выступленні ў медыцынскай установе праходзяць кожны тыдзень. Падтрымаць маральны дух ветэранаў сюды прыязджаюць як самадзейныя, так і прафесійныя калектывы.

Бязвыплатна тут рэгулярна выступаюць аркестр Жыновіча, ансамблі Свята і Бяседа, дарэчы, таксама калектыў Белтэлерадыёкампаніі. Таксама даць майстар-клас ветэранам прыязджаюць мастакі. Двойчы на тыдзень шпіталь арганізуе кінапаказы. Усё дзеля таго, каб станоўчыя эмоцыі памяншалі колькасць запісаў у бальнічных картах тых, хто падарыў нам перамогу.