Хакейных балельшчыкаў чакаюць не толькі гасцініцы, але і санаторыі

4 марта 2014

Спартыўныя базы і санаторыі Мінскага раёна гатовыя прыняць балельшчыкаў чэмпіянату свету па хакеі. Складзены спіс дзесяці гасцініц, турыстычных баз і спартыўна-аздараўленчых цэнтраў, якія знаходзяцца побач са сталіцай. Сярод пераваг такога размяшчэння турыстаў не толькі нізкі кошт, але і маляўнічыя краявіды.


Пра бонусы беларускай гасціннасці - у матэрыяле Марыны Мураўёвай.


Люксы за паўмільёна і аднамесныя сінглы за 300 тысяч. Размясціць балельшчыкаў па такім кошце прапануюць санаторыі, гарналыжныя комплексы і спартыўна-аздараўленчыя базы.


Да чэмпіянату свету, напрыклад, гасцініца Ратамка гатовая прыняць 120 хакейных турыстаў. Дарэчы, амаль палова месцаў ужо забраніраваная. Чакаюць пастаяльцаў са Славакіі, Літвы, Латвіі і Расіі. Сярод варыянтаў размяшчэння: люксы, блочныя пакоі, адна- і двухмесныя нумары. Кошт адпавядае эканамкласу - ад дзвюх соцень да паўмільёна рублёў. Між тым, халадзільнік, тэлевізар, душавая кабіна, выхад на балкон і Wi-Fi ёсць у кожным нумары.


Смачныя беларускія снеданні, абеды і вячэры прапануе гасцінічнае кафэ. Аднак харчаванне не ўваходзіць у кошт пражывання.


Ну і, вядома ж, конныя вандроўкі. Прыемны дадатковы бонус для турыстаў. Для тых, хто ўмее ездзіць верхам, можна заказаць праменад па тэрыторыі цэнтра. Для пачаткоўцаў - індывідуальнае навучанне ў крытых манежах. Маршруты пракладзеныя ўздоўж Мінскага мора, а таксама праз заслаўскія краявіды. Пра індывідуальныя заняткі трэба паклапаціцца загадзя.


Акрамя актыўнага адпачынку, санаторыі Мінскай вобласці прапануюць краязнаўчыя экскурсіі, трансфер да галоўных пляцовак чэмпіянату, курс фітатэрапіі або масажу, паслугі гіда-перакладчыка.