Хакейныя балельшчыкі ўжо ведаюць нацыянальныя беларускія стравы

14 мая 2014

Трыбуны запаўняюцца, гасцінічныя нумары зарэзерваваныя, у кафэ і рэстаранах свабоднае месца знайсці нялёгка. Таксама цяжка сказаць і колькі ўсяго балельшчыкаў прыехала ў нашу краіну - на межах з Расіяй няма пунктаў пропуску. Гасцей, безумоўна, вельмі шмат. Як пацвярджэнне гэтага такі факт: Мінск зараз займае першае месца ў Еўропе па спажыванні ежы. Тысячы кілаграмаў мяса і тоны пеннага напою прадаюцца за дзень. Хакейныя балельшчыкі ўжо ведаюць на памяць нацыянальныя беларускія стравы. Пра незвычайны апетыт фанатаў і гульцоў раскажа Дзмітрый Цітоў.


Шашлык на ўсіх мовах свету гучыць аднолькава. З пачатку чэмпіянату з'елі амаль 10 тысяч кілаграмаў смажанага мяса. Каўбасак і крылцаў-грыль спажылі ў тры разы больш.


Аляксей Раманаў два разы на дзень атрымлівае інфармацыю аб спажыванні напояў і ежы ў зонах гасціннасці і на хакейных арэнах. Тавараабарот за дзень у сярэднім складае 3 мільярды беларускіх рублёў.


Аляксей Раманаў, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінскага гарвыканкама: Можна параўнаць з агульнарэспубліканскімі і агульнагарадскімі мерапрыемствамі, калі выстаўляецца такая ж колькасць гандлёвых аб'ектаў на плошчах. Гэта дзесьці ў пяць-шэсць разоў больш, чым звычайна.


За пяць дзён чэмпіянату свету па хакеі ў балельшчыкаў разыграўся апетыт. Выпіта больш за 120 тон беларускага піва. Каля паўмільёна чалавек ужо пакаштавалі нацыянальную страву - дранікі. Тавараабарот на дзвюх арэнах, у фан-зонах і зонах гасціннасці складае 15 мільярдаў беларускіх рублёў.


Хакеісты, як і балельшчыкі таксама непераборлівыя ў ежы. Аляксандр Авечкін любіць рускую кухню. Боршч і катлеты з грэчкай. У штодзённым рацыёне Андрэя Мезіна рыба і мяса. Канадскі і беларускі хакеіст Джэф Плат гатуе сам. Лепш за ўсё ў яго атрымліваецца рызота - рыс з рознымі дабаўкамі.


На час чэмпіянату мікрараён Чыжоўка збірае ля хакейнай арэны тысячы фанатаў. Згодна з падлікамі, у Мінск ужо прыбылі больш як 17 тысяч балельшчыкаў. Мінск запомніцца гасцям не толькі смачным меню. Шалікі, майкі і бейсболкі таксама ў топе продажаў. Перад кожным матчам купляюць сувеніры.


Толькі за адны выхадныя 15 тысяч турыстаў пабывалі ў Нясвіжы. А Мірскі замак за дзень наведалі 4 тысячы гасцей.


У лідарах сярод краін далёкага замежжа - латышы. Іх ужо прыбыло звыш 10 тысяч. Польскіх балельшчыкаў у два разы менш. Бясспрэчны лідар сярод хакейных фанатаў - Расія. Паводле прыблізных падлікаў, зараз іх каля 40 тысяч. Найбольшы наплыў чакаецца з пачаткам плей-оф. У гэты перыяд прагназуюць яшчэ большыя лічбы і па тавараабароце.