Хакеісты Каляднага турніру наведалі дзіцячы дом № 5 горада Мінска

6 января 2018

Не толькі хакеем жывуць удзельнікі Каляднага турніру, што праходзіць гэтымі днямі. Сёння гульцы ўсіх каманд адправіліся ў дзіцячы дом № 5 горада Мінска.

Дабрачынная акцыя "Калядная традыцыя" праводзіцца шосты раз. Хакеістаў падзялілі на шэсць груп, і для кожнай выхаванцы дзіцячага дома правялі майстар-клас. Больш за ўсё пашанцавала кітайцам. Іх будучыя гаспадыні навучылі гатаваць дранікі. Пасля дарослых гасцей чакала канцэртная праграма і матч па міні-футболе.

Арганізатары акцыі - Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Федэрацыя хакея Беларусі - пералічылі дзіцячаму дому 25 тысяч рублёў. Гэта спонсарская дапамога. Самі хакеісты таксама падрыхтавалі падарункі для хлопчыкаў і дзяўчынак.