Хімфак БДУ распрацоўвае карысныя абгорткі

23 сентября 2015

Глыбей вывучылі экапраблемы беларускія хімікі, якія да тэмы экалогіі дадалі набалелае пытанне са здаровым харчаваннем і знайшлі выйсце. Хімфак БДУ распрацоўвае карысныя абгорткі. Гэта значыць, што з'есці, напрыклад, любімую шакаладную цукерку можна разам з упакоўкай. Так і паступіла Юлія Грызунт.

Мабыць, дзве самыя вострыя тэмы сёння - гэта забруджванне планеты і шкоднае харчаванне. Нашы навукоўцы вырашылі абедзве праблемы адным вынаходствам. Ядомая абгортка, якая абароніць прадукты ад мікробаў і распадзецца за некалькі секунд. Прычым цана прадукту ад гэтага амаль не памяняецца.

Дзмітрый Грыншпан, загадчык лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі: "Сёння ёсць біяраскладаемыя матэрыялы, але яны біяраскладаемыя, калі яны рассыпаюцца на 40%. Далей адбываецца вельмі доўгі шлях іх утылізацыі ў прыродзе. І яны вельмі дарагія ў дачыненні да звычайных упаковак - у 3, у 5 разоў даражэйшыя. А ядомыя плёнкі цалкам раскладаюцца".

Такія абгорткі робяцца досыць проста. Галоўныя складальнікі - крухмал і пітная вада. Сумесь боўтаецца і змяшчаецца ў спецыяльны халадзільнік, за хвіліны яна ператвараецца ў бясколерную плёнку. Па жаданні можна дадаць харчовыя фарбавальнікі або фруктовыя сокі. Хімікі ўпэўніваюць, што прадукт цалкам натуральны.

Тое, што такі матэрыял цалкам бясшкодны для здароўя і для фігуры, ужо даказана на практыцы. Зусім хутка новыя абгорткі з'явяцца не толькі на цукерках. Хімікі вырашылі пайсці далей.

Адзін з самых амбіцыйных праектаў - адправіць такую плёнку ў космас. Бо прадукты ў ёй не псуюцца вельмі доўга, ды і пазбавіцца ад любых забруджванняў па-за нашай планетай будзе яшчэ складаней. Але ў першую чаргу навукоўцы абяцаюць зрабіць з падобнага матэрыялу пакецікі для гарбаты, а таксама заварочваць у яго каву, спецыі, садавіну і нават мяса.

Таццяна Савіцкая, намеснік дэкана хімічнага факультэта БДУ па навуковай працы: "Напрыклад, калі мы гаворым пра курынае мяса, дык мы можам запакаваць ужо парцыённыя кавалачкі ў такую плёнку і затым мы можам смажыць. Я дома ўжо такі эксперымент праводзіла. У такім разе мяса атрымліваецца больш сакавітае".

Работа ідзе ўжо і над новымі плёнкамі, якія абяцаюць стаць нават лячэбнымі. Здавалася б, такія простыя кампаненты, як зялёная гарбата і перац, але насамрэч яны здольныя абараняць арганізм ад сур'ёзных захворванняў. Пры гэтым абгортка - што немалаважна - смак прадукту не зменіць.