"Хаўер"? Снег у Беларусі не спыніцца на працягу сённяшняга дня

28 марта 2023

Зіма вярнулася. Снег у Беларусі ідзе з учарашняга вечара ў цэнтральных і заходніх раёнах і не спыніцца на працягу сённяшняга дня. Мінулай ноччу максімальная колькасць ападкаў выпала ў Мар'інай Горцы - 18 мм і Слуцку - 17 мм.

Па ўсходзе краіны - дажджы. Вецер у некаторых раёнах дасягае 20 метраў за секунду. На асобных участках дарог галалёдзіца. Высокая рызыка ДТЗ. Паступаюць ужо першыя паведамленні аб аварыі на кальцавой.

Цэнтр Мінска літаральна 20 хвілін таму быў амаль увесь чырвоны на гугл-картах. Месцамі заторы дасягаюць 4 кіламетраў. ДАІ Мінска ўжо ўвяла план "Надвор'е".

З-за снегападу ў сталіцы затрымліваюцца шматлікія цягнікі - ад 5 хвілін да гадзіны. На гэты момант без святла застаюцца 69 населеных пунктаў.