Каталікі ўсяго свету святкуюць Стрэчанне Гасподне

2 февраля 2016

Каталікі ўсяго свету сёння ідуць у храмы, каб асвяціць свечкі. Вернікі святкуюць Стрэчанне Гасподне, або, як яго яшчэ завуць у народзе, - Грамніцы. Ёсць яшчэ адна назва - Ачышчэнне Прасвятой Дзевы Марыі. У гэты дзень Божая Маці ўпершыню прынесла ў храм маленькага Ісуса. Тады старац Сімеон сказаў прароцкія словы: "Святло для асветы язычнікаў". Сёння гэтае святло сімвалізуе агонь свечкі, які праганяе цемру і дае надзею вернікам.

Гэтымі ўрачыстасцямі сканчаецца перыяд Раства Хрыстова. Менавіта сёння нашы продкі вызначалі будучае надвор'е на наступныя вясну і лета. Калі капае з дахаў - будзе добры ўраджай хлеба, а вялікую колькасць садавіны ў садах абяцаў моцны вецер.