Католікі ўсяго свету адзначаюць Уваскрэсенне Хрыстовае

5 апреля 2015

Святаў свята і ўрачыстасць з урачыстасцяў. Католікі ўсяго свету сёння адзначаюць Уваскрэсенне Хрыстовае. Беларускіх вернікаў з Вялікаднем павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Урачыстыя набажэнствы пачаліся  з усяночнай. І з раніцы ідуць ва ўсіх храмах. Як вернікі сустракаюць Уваскрэсенне Хрыстовае? Даведаемся ў  нашага карэспандэнта  Наталлі Тарасюк (прамое ўключэнне).

 

 

У касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску толькі што пачалася ўрачыстая святая імша. Удзел у такім набажэнстве - першы касцёльны наказ. Кожны вернік сёння абавязкова павінен прыняць сакрамэнт эўхарыстыі. Людзі з самай раніцы ідуць у касцёл і вітаюць адно  аднаго радаснымі словамі: “Хрыстос уваскрэс!”  “Сапраўды ўваскрэс!”. Такім чынам католікі віншуюць вернікаў з галоўным хрысціянскім святам.

Яно сімвалізуе перамогу над грахом і смерцю, пераход да свабоды і вечнага жыцця. Лічыцца, што ў гэты дзень асабліва радуецца душа хрысціяніна.

У сталічным Чырвоным касцёле святая імша адбываецца практычна кожныя дзве гадзіны. Святары апранаюць аддзенне святочнага залатога колеру і на пачатку набажэнства выступаюць з пастырскім пасланнем Мітрапаліта на Вялікдзень.

Пасля імшы святкаванне працягваецца дома. Вернікі могуць разгаўляцца велікоднай ежай: яйкамі, печывам, вяндлінай. Пры гэтым святочны стол, згодна з традыцыяй, засцілаецца белым абрусам з залатой стужкай.  Вернікі разам чытаюць спачатку ўрывак са Святога Пісання, а потым малітвы «Ойча наш» і «Хвала Айцу». Пасля   ядуць асвячонае яйка, якое неабходна падзяліць на столькі частак, колькі ў сям'і чалавек. Кожны павінен з’есці свой кавалак і запіць святой вадой. Пасля гэтага можна есці і ўсё астатняе.

Людзі верылі, што ад Вялікадня да Ушэсця Ісус Хрыстос ходзіць па зямлі ў адзенні жабрака, таму ў святочныя дні ўсе шчодра раздавалі міласціну. А вось на Вялікдзень лічылася, што трэба зрабіць сем  добрых спраў альбо падрыхтаваць сем падарункаў. І тады ўвесь год, да наступнага Уваскрэсення, Бог будзе памятаць вашу дабрыню. Цікава дадаць, што ў гэты дзень людзі асаблівым чынам назіралі за сонцам, бо верылі, што ў ім можна ўбачыць Ісуса Хрыста.