Католікі ў прадчуванні Уваскрэсення Хрыстова

4 апреля 2015

Сёння Вялікая субота - апошні дзень трыдыума. Вернікі сем’ямі ідуць у касцёлы памаліцца і асвяціць велікодныя пачастункі. А ўвечары хрысціяне збяруцца разам на агульную малітву.

Расказвае Аляксандра Драгун.

Два разы на год у сям’і Карабко святкуюць Вялікдзень. Тата – праваслаўны, маці – каталічка, але сэнс Вялікага посту не мяняецца. Толькі рыхтуюцца больш старанна. У хрысціянскай любові выхоўваюць дваіх дзяцей. І, безумоўна, у сям’і ёсць свае традыцыі.

Яшчэ ўчора ўсе крыжы ў святынях былі закрыты цёмнай тканінай. У Вялікую суботу ў касцёлах змяняецца колер, замест фіялетавых - урачыстыя. Духмянымі кветкамі ўпрыгожвае капліцу сястра Тэрэса. Разам з іншымі вернікамі яна перадала біблейскія сюжэты ў дэкарацыях.

Побач з алтаром – цямніца. За кратамі – выява Збавіцеля з самотным тварам. Тут не згасае святло ад свечкі – гэта таксама сімвал Ісуса.

Субота – апошні дзень велікоднага трыдыума. Час асаблівы – пераход ад смутку да радасці ў прадчуванні Уваскрэсення Божага сына. Але яшчэ сёння асабістыя перажыванні і гарачыя малітвы праходзяць у цішыні.

У суботу не праводзіцца святая імша. З раніцы вернікі сем’ямі накіроўваюцца да касцёлаў, каб памаліцца і асвяціць велікодныя пачастункі. У кошыках – рознакаляровыя яйкі, пышныя кулічы і вяндліна. Толькі вечарам хрысціяне збяруцца разам на агульную малітву.

Асвячаецца вада і запальваецца агонь так званай велікоднай свечкі, якая сімвалізуе Хрыста. У парафіі святога Іаана Хрысціцеля пакуль моляцца ў капліцы. Ля невялікай святыні будуюць касцёл.

Праз споведзь, малітву і святую прычасць вернікі падрыхтавалі свае сэрцы да Вялікадня. Ужо заўтра званы ўсіх каталіцкіх святынь аб'явяць - Хрыстос уваскрэс.