Усе дарогі прывядуць іх у Будслаў. Католікі з Мінска пераадолеюць больш за сто кіламетраў на веласіпедах, каб прыбыць на ўрачыстасці ў санктуарый у гонар Будслаўскай іконы Божай Маці. Сёння паломнікаў благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскам Тадэвуш Кандрусевіч.
Падрабязнасці ў Наталлі Тарасюк.
У сталічным касцёле святых Сымона і Алены ранішняя імша. Святар звяртаецца да вернікаў з пропаведдзю, якая стане падставай для роздумаў на найбліжэйшыя дні. Католікі моляцца і прымаюць сакрамэнт еўхарыстыі. Побач з вернікамі вялікія клункі. Практычна ўсе ўдзельнікі набажэнства - пілігрымы, пераважна моладзь. Больш за сто кіламетраў да Будслава яны пераадолеюць на веласіпедах.
Веласіпедная пілігрымка пройдзе ўжо дванаццаты раз. Сёння разам з вернікамі са сталіцы ў бок Будслава накіраваліся і католікі з Пастаў, Нарачы і Вілейкі, але ўжо пешшу. Набажэнства ў санктуарыі пройдуць 3 і 4 ліпеня. І галоўная ўрачыстасць у тым, што ў 2015 годзе адзначаецца 25-годдзе адраджэння пілігрымак у гонар Маці Божай Будслаўскай.
Для Аляксандра – аднаго з адказных за гэтае падарожжа - шлях да Будслава стане юбілейным. Дзясяты раз ён прыедзе ў Будслаў на веласіпедзе.
Дарэчы, сёлета зноў адбудзецца і аўтамабільная пілігрымка, ужо пятая па ліку. Далучыцца да вернікаў на асабістым аўто можна будзе 3 ліпеня па дарозе Шарашова – Пружаны – Івацэвічы – Мінск - Будслаў.













