Каталіцкія святары Беларусі возьмуць удзел у чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод духавенства

22 февраля 2019

У гэтым сезоне першынство прымае Чарнагорыя. Наша каманда адправіцца на спаборніцтва ўжо ў панядзелак. Зараз аматары міні-футбола актыўна трэніруюцца ў Лідзе. Пра тое, як сіла веры прыносіць волю да перамогі, рэпартаж Іны Пілевіч. 

У свае 26 ён духоўны настаўнік і прыклад для вернікаў. Маладога ксяндза Дзяніса Бразінскага вернікі прывыклі бачыць у сутане ля алтара. Вікарый лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла ламае стэрэатыпы аб каталіцкіх святарах. Пасля ранішняй службы ён мяняе ўбор на футбольную экіпіроўку і становіцца на вароты. 

Гуляе ў камандзе аднадумцаў, дзе як нападаючыя, так і абаронцы служаць Богу. Кожны панядзелак святары Гродзенскай дыяцэзіі прыязджаюць на трэніроўку ў Ліду. Тут ювелірную дакладнасць іх удараў і кідкоў адточвае Андрэй Багдзевіч. 

У начальніка міні-футбольнага клуба "Лідсельмаш" нават да аматарскай каманды прафесійны падыход. За кожны пройгрыш штрафныя адцісканні. Каб здаровы дух быў у здаровым целе. 

Хобі, якое выйшла на міжнародны ўзровень. Ужо ў панядзелак каманда Гродзенскай дыяцэзіі адправіцца ў Чарнагорыю на аматарскі чэмпіянат Еўропы па міні-футболе. Ён пройдзе ўжо трынаццаты раз і збярэ больш як 2,5 сотні каталіцкіх святароў.

Сёлета ў чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод духавенства возьмуць удзел 17 каманд. Па выніках жараб'ёўкі беларуская зборная трапіла ў групу В разам са спартсменамі-аматарамі з Босніі, Чарнагорыі, Партугаліі. Апошнія, дарэчы, неаднаразова станавіліся пераможцамі.

Пакуль жа лепшы вынік нашай каманды - 4 месца на спаборніцтвах 2014 года. Тады першынство праходзіла ў родных сценах. Хаця ў такім чэмпіянаце выніковая табліца другарадная. Акрамя матчаў, у праграме гэтага сезона сумесныя імшы ў чарнагорскіх Ульцыне, Бары і Котары.