Катанне на цюбінгах прыводзіць да цяжкіх траўм як дарослых, так і дзяцей

29 января 2019

Дзясяткі пацярпелых сярод аматараў экстрыму. Катанне на цюбінгах - нават самых сучасных - па-ранейшаму прыводзіць да цяжкіх траўм як дарослых, так і дзяцей. Напярэдадні ў бальніцу хуткай дапамогі Мінска трапіў 17-гадовы школьнік. Катанне на цюбінгу скончылася рэанімацыяй.

Больш падрабязна Наталля Кезік. Учора адзінаццацікласнік Станіслаў Сяргееў на цюбінгу катаўся ўсяго другі раз за зіму. І, напэўна, апошні ў сваім жыцці. Схіл у Каменнай Горцы аказаўся вельмі небяспечным для яго жыцця. У выніку ў пацыента бальніцы хуткай меддапамогі разрыў ныркі, якую ўрачы вымушаны былі выдаліць, і пералом рэбраў.

Сёння стан школьніка стабілізавалі - з рэанімацыі перавялі ў аддзяленне траўматалогіі. Дарослых экстрэмалаў з такімі траўмамі зараз у гэтай бальніцы двое. Пасля выхадных звычайна колькасць пацыентаў павялічваецца. У тым ліку і ў дзіцячых аддзяленнях.

Медыкі, ратавальнікі і інспектары ДАІ кожны дзень звяртаюць увагу на тое, што для катання на цюбінгах неабходна выбіраць спецыяльна прыстасаваныя горкі з невялікім схілам і без перашкод – дрэў, агароджаў, слупоў. Дзецям жа дазволена спускацца з горак на цюбінгу толькі пад пільным наглядам бацькоў.

У двары 67-й сярэдняй школы Мінска свая бяспечная горка, якую спецыяльна прыстасавалі для вучняў. Школьнікі тут катаюцца на санках, лядзянках і цюбінгах. Акрамя спартыўнага інвентару карыстаюцца і спецыяльнай экіпіроўкай - шлемамі і накаленнікамі.

Зараз прышкольныя тэрыторыі, месцы масавых несанкцыянаваных катанняў штодня патрулююць валанцёры, ратавальнікі, супрацоўнікі ДАІ. Камунальныя службы нават ствараюць своеасаблівыя стоп-лініі з пяску. 

На гэтым тыдні сіноптыкі прагназуюць пацяпленне. Таму варта памятаць, што з адлігай снежнае покрыва стане яшчэ больш слізкім. А бяспечны зімовы адпачынак залежыць толькі ад нас.